Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Сімплака

   Сімплака (грэч. symphloke — спляценне), або спляценне, — адзін з відаў сінтаксічнага паралелізму, адначасовае ўжыванне ў вершы анафар і эпіфар або паўтораў якіх-небудзь слоў ці словазлучэнняў у сярэдзіне вершаваных радкоў. Вось прыклады сімплакі з народнай паэзіі:

 

Сонейка! Ляцелі гусі з Белае Русі. Сонейка!
Сонейка! Яны ляцелі, усё й гаварылі. Сонейка!
Сонейка! Дзе мы ляталі, дзе мы бывалі. Сонейка!
Сонейка! Такога дзіва мы не відалі. Сонейка!
Сонейка! Як у крывічах пасярод сяла. Сонейка!
Сонейка! Пасярод сяла студня віна. Сонейка!
(Народная песня)

Сядзем, татка, паабедаем з табою,
Паабедаўшы, падзелімся з табою.
Табе, татка, новая хатка, каморка,
А мне, татка, куфар адзежкі, кароўка.
Табе, татка, новая клетка і тачок,
А мне, татка, соценьку грошай, катушок.
(Народная песня)


   Адначасовае ўжыванне анафар і эпіфар (побач з іншымі стылістычнымі фігурамі) надало адметны выгляд вершу Кастуся Цвіркі «Такія сэрцы ў нас», дапамагло выявіць глыбока патрыятычную ідэю твора:

 

Такія, мусіць, косці ў нас —
Нам у пуху не спіцца,
Такія, мусіць, ногі ў нас —
Нідзе нам не сядзіцца,
Такія, мусіць, рукі ў нас —
Ніяк ім не стаміцца.