Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Сілаба-танічнае вершаванне

   Сілаба-танічнае вершаванне (ад гр. syllabe - склад і tonos - націск) — сістэма вершавання, у аснове якой - раўнамернае чаргаванне націскных і ненаціскных складоў у вершаваных радках.
   Ужываецца перш за ўсё ў мовах з пераменным месцам націску ў словах (рускай, украінскай, беларускай, англійскай, нямецкай і інш.). Апрача раўнамернасці чаргавання націскных і ненаціскных складоў, рытм сілаба-танічнага вершавання ствараецца чаргаваннем у вершаваных радках аднолькавай колькасці складоў (як у сілабічным вершаванні). Адсюль і назва гэтай сістэмы.
   Ёсць у ёй і шэраг іншых рытмастваральных кампанентаў, па багацці якіх сілаба-танічнае вершаванне пераўзыходзіць усе іншыя сучасныя вершаваныя сістэмы. Гэта чаргаванне ў вершаваных радках 1) аднолькавых стопаў (выключаючы лагаэды); 2) аднолькавай колькасці стопаў (за выключэннем вольных вершаў); 3) аднолькавай (прыблізна аднолькавай) колькасці ненаціскных складоў; 4) аднолькавай (прыблізна аднолькавай) колькасці націскных складоў; 5) аднатыпных клаўзул; 6) сугуччаў у канцы вершаваных радкоў (рыфма; за выключэннем белых вершаў); 7) аднатыпных строфаў (за выключэннем астрафічных і аднастрофных твораў); 8) міжрадковых і міжстрофных паўз.
   Апрача гэтага, у сілаба-танічным вершаванні сустракаюцца неасноўныя, або дапаможныя, рытмастваральныя кампаненты, якія неабавязкова прысутнічаюць у вершы. Сярод іх - паўтарэнне адных і тых жа радкоў, строфаў (рэфрэн, прыпеў), аднолькавых слоў ня пачатку (анафара) ці ў канцы (эпіфара) вершаваных радкоў, пастаянных унутрырадковых паўз, аднатыпных сінтаксічных канструкцый, марфалагічных форм і гэтак далей.
   Сілаба-танічнае вершаванне карыстаецца пяццю метрамі (ямбічным, харэічным, дактылічным, амфібрахічным і анапестычным) і вялікай колькасцю вершаваных памераў.
   У беларускім фальклоры першыя выпадкі ўжывання сілаба-танічнага вершавання зафіксаваны ў XVІ стагоддзі. Але сілаба-танічныя формы народнага верша найбольш пашырыліся ў XVІІІ - XІX стст., што (разам з уплывам рускага сілаба-танічнага вершавання) прывяло да ўзнікнення ў канцы XVІІІ ст. беларускага літаратурнага сілаба-танічнага вершавання ("Уваскрэсенне Хрыстова").
   Пераход ня сілаба-танічнае вершаванне у беларускай паэзіі ажыццяўляўся ў XІX ст. (Янка Лучына, Адам Гурыновіч, Альгерд Абуховіч, Францішак Багушэвіч). Пануючым яно стала з пачатку ХХ ст. дзякуючы творчасці Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Алеся Гаруна, Цішкі Гартнага, Змітрака Бядулі і інш.
   Сёння сілаба-танічнае вершаванне - асноўная сістэма вершаскладання ва ўсёй усходнеславянскай, у тым ліку беларускай, вершатворчасці.

Похожие статьи:

ККвалітатыўнае вершаванне

ААнтычнае (метрычнае) вершаванне

ККвантытатыўнае вершаванне

ССілабічнае вершаванне

ВВершаванне (вершаскладанне)