Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Стылістычныя фігуры

Кнопка отправить на печать

   Стылістычныя фігуры - своеасаблівыя сінтаксічныя канструкцыі, якія парушаюць звыклыя моўныя нормы і выконваюць выяўленчыя функцыі. Сюды ўваходзяць разнастайныя паўторы, усе віды і формы парушэння звычайнай сінтаксічнай ці лагічнай сувязі паміж словамі ўнутры вершаваных радкоў або празаічных фраз, супастаўленне і супрацьпастаўленне вершаваных радкоў, групоўка асобных фрагментаў літаратурнага выказвання ў пэўныя інтанацыйна-сінтаксічныя адзінствы. Кожная з фігур адыгрывае ў творы сваю выяўленчую ролю. Так, градацыя - паступовы пераход нейкай з'явы ад яе ніжэйшай ступені да вышэйшай ці, наадварот, ад вышэйшай да ніжэйшай - рэзка павышае эмацыянальнасць выказвання:

Восень. Лета, зматвай свае вудачкі!
Дрэвы выплаўляюць руду.
Вецер свістаў спачатку ў дудачку,
Потым у дудку, я ўжо затым у дуду.

(А. Наўроцкі. "Поры году")


   Недасказ (часам яго называюць абрывам, умаўчаннем), пры якім літаратурнае выказванне раптоўна перапыняецца, абрываецца, добра выяўляе ўсхваляванасць аўтара ці яго героя. Яно разлічана на здагадлівасць чытача, суперажыванне і садуманне яго з аўтарам твора. Васіль Зуёнак, напрыклад, выкарыстоўвае недасказ пры апісанні своеасаблівага псіхалагічнага стану інваліда Вялікай Айчыннай вайны, які ў лазні, забываючыся, сячэ венікам па неіснуючай, ампутаванай назе:

Сячэ гаспадар
То па левай, то па...
І раптам венік зрываецца...
Дваццаць год, як на дзве не ступаў,
Дваццаць год памыляецца.


   Асабліва часта ў мастацкіх творах сустракаецца паралелізм — супастаўленне дзвюх ці больш нейкіх з'яў ("Шчыплю, лушчу арэшкі:// Спяленькія - да прыполу,// Зеляненькія - да долу. // Спяленькія — паненачкам,// Зеляненькія - белачкам". - Народная песня), інверсія — такая расстаноўка ў фразе слоў або словазлучэнняў, якая парушае іх звычайны граматычны парадак ("Плывуць воблачкі, карагодзяць, з блакітам зліваюцца., нікнуць і тонуць у пяшчотных хвалях сонечных". — Міхась Лынькоў. "Над Бугам"), антытэза, сінтаксічныя перыяды — складаныя сінтаксічныя канструкцыі з адным галоўным і некалькімі даданымі сказамі ("Ці коска зазвоніць у час касавіцы, // Ці песню дзяўчо запяе, // Ці неба заззяе ў агнях бліскавіцы, // Ці грукне над лесам пярун, // — Усё адклікаецца ў вольных абшарах, // Ўсё іх дакранаецца струн". - Якуб Колас. "Водгулле"). Сінтаксічныя перыяды звычайна выклікаюць рэтардацыю — запаволенне ў апісанні якіх-небудзь падзей ці з'яў. Часамі ў мастацкіх творах сустракаюцца ампліфікацыя (або накапленне) — ужыванне ў выказванні некалькіх аднатыпных слоў ці моўных канструкцый (эпітэтаў, параўнанняў, сінонімаў, аднародных членаў сказа і г. д.), эліпсы (эліпсісы) — пропуск у фразе нейкага члена сказа, які лёгка ўзнаўляецца з кантэкста і інш.
   У мове мастацкай літаратуры, перш за ўсё ў паэтычных творах, ужываюцца разнастайныя лексіка-стылістычныя паўторы: анафара - паўтарэнне адных і тых жа слоў ці гукаў на пачатку вершаваных радкоў ("Мора вуглем цяпер стала,// Мора з дна цяпер гарыць,// Мора скалы пазрывала,// Мора хоча горы змыць". — Цётка. "Мора"), эпіфара — паўтарэнне адных і тых жа слоў у канцы вершаваных радкоў ("Ёсць у брата бочка гарэлкі — ўсё для вас,// А як не стане — піва дастане, усё для вас" — Народная песня), падваенне — паўтор у вершаваных радках двух слоў ці словазлучэнняў ("...Штосьці спявае пяшчотнае бор,// Пахне чабор, пахне чабор. " — Пятрусь Броўка. "Пахне чабор"), шматзлучнікавасць, (полісіндэтон)  — паўтор адных і тых жа злучнікаў ("Ах, песні... Вы мая уцеха. // І боль мой. І мая туга,// І ласка, і ўспамінаў рэха,// І прага жыць, пакуль мага""— К. Кірэенка. "Ах, песні... "), бяззлучнікавасць (асіндэтон), шматпрыназоўнікавасць — паўтор адных і тых жа прыназоўнікаў ("А па вуліцы ды па шырокай,// Па муравачцы ды па зялёнай". — Народная песня). Паўторы надаюць літаратурнай мове асаблівую экспрэсію, узвышаюць тон, запавольваюць тэмп выказвання, робяць яго велічна-спакойным, непаспешлівым і г. д.