Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Свабодны верш (верлібр)

Кнопка отправить на печать

   Свабодны верш (верлібр) (франц. vers libre) — дысметрычны верш, у аснове рытму якога - чаргаванне вершаваных радкоў як аднатыпных інтанацыйна-сэнсавых адзінстваў.
   Надзвычай важнае значэнне набывае ў ім графічная разбіўка верша на радкі, вызначэнне міжрадковых паўз. Менавіта вершаваны радок як цэласны інтанацыйна-сінтаксічны і сэнсавы комплекс, выразна выдзелены паўзамі (а на пісьме - яшчэ і графічна), выступае ў свабодным вершы у якасці асноўнай рытмічнай адзінкі. Інтанацыйная аднатыпнасць радкоў дасягаецца падабенствам іх унутранай лексіка-граматычнай структуры, што стварае ў вершы пэўную меру паўтора па "вертыкалі". У радках свабоднага верша паўтараюцца перш за ўсё дапаможныя рытмастваральныя кампаненты: аднатыпныя сінтаксічныя канструкцыі, аднолькавыя ці крыху відазмененыя радкі, аднолькавыя словы ці іх марфалагічныя формы, гукаспалучэнні, націскі на пэўных месцах у вершаваных радках і г. д. У асобных радках спарадычна можна сустрэць нават прыкметы метрычнага верша, падначаленыя агульнай інтанацыйнай структуры свабоднага верша (чаргаванне моцных, або апорных, націскаў, рыфма і інш.). Прычым, у свабодным вершы адсутнічае адзіная скразная мера паўтора, яна ўвесь час мяняецца. Так, напрыклад, у першых трох радках нейкага твора, напісанага свабодным вершам, заўважаецца аднатыпнасць іх сінтаксічнай пабудовы, у чатырох наступных - паўторы на пачатку назоўнікаў у пэўным склоне, яшчэ тры радкі суадносяцца рытмічнымі націскамі, што стаяць, скажам, на трэцім і сёмым складах, і гэтак далей.
   Для свабоднага верша характэрна надзвычайнае багацце і гнуткасць паэтычнага сінтаксісу, у тым ліку ўжыванне розных рытарычных фігур, сінтаксічных перыядаў, што стварае разнастайнасць інтанацыйнага малюнку (пералічэнне, далучэнне, супрацьпастаўленне і г. д.) у межах адной рытміка-інтанацыйнай структуры.
   Узнік свабодны верш у амерыканскай і еўрапейскай літаратурах сярэдзіны XІX ст. (У. Уітмен, У. Блейк, Г. Гейнэ), сустракаецца ў класічнай рускай паэзіі (А. Фет, Я. Палонскі, М. Міхайлаў).
   Пачынальнікам свабоднага верша на Беларусі з'яўляецца Максім Багдановіч ("...Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы", 1915). У сучаснай беларускай паэзіі да свабоднага верша звярталіся і звяртаюцца Пімен Панчанка, С. Дзяргай, К. Кірэенка, Анатоль Вярцінскі, А. Лойка, Янка Сіпакоў, А. Наўроцкі, Я. Голуб, Алесь Разанаў, М. Купрэеў, Н. Загорская і інш. У Максіма Танка свабодны верш стаў адным з асноўных відаў верша. Ён найчасцей ужываецца ў яго філасофскіх і медытатыўных творах ("Мой хлеб надзённы", "...Парог, вычасаны з успамінаў" і інш.).