Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Сатыра

Кнопка отправить на печать

   Сатыра (ад лад. satura - сумесь, усялякая ўсячына) —
   1. Прынцып мастацкага адлюстравання, заснаваны на выкрыцці паасобных адмоўных жыццёвых з'яў. У той час, як у гумары адмоўнае, смешнае ў жыцці паказваецца ў нязлобна-дабрадушным, жартоўным тоне, у сатыры мы сустракаемся з вострым асмяяннем гэтых з'яў.
   Адмаўляючы негатыўнае, праводзячы "у царства ценяў аджылае" (М. Салтыкоў-Шчадрын), сатыра тым самым сцвярджае пазітыўнае, станоўчае. Сцвярджэнне гэта адбываецца з вышыні пэўнага грамадскага ідэалу, што выяўляе пазіцыі мастака.
   Сатырычныя вобразы і малюнкі ствараюцца пры дапамозе завастрэння, гіпербалізацыі, гратэска, парадыравання, фантазіі, іроніі. Сатырычны спосаб адлюстравання рэчаіснасці характэрны ў той ці іншай ступені для ўсіх відаў мастацтва (жывапісу, графікі, харэаграфіі, тэатра, музыкі і г. д.). Аднак найбольш плённым ён аказаўся ў літаратуры, абумовіў тут жанравую прыроду многіх эпічных, лірычных, драматычных твораў (рамана, драмы, паэмы, верша), садзейнічаў станаўленню асобных літаратурных відаў і жанраў: камедыі, пародыі, эпіграмы, байкі, памфлета, фельетона, гумарэскі...
   Сатыра аднолькава вольна карыстаецца як празаічнай, так і вершаванай мовай.
   Беларуская сатыра сваімі вытокамі ўзыходзіць да вуснай народнай творчасці (сатырычная казка, песня, анекдот, батлейка). У сярэднія вякі яна прыдала рэзка выкрывальны характар палемічнай літаратуры (творы С. Зізанія, Мялеція Сматрыцкага, Афанасія Філіповіча, П. Скаргі, Х. Філалета, Іпація Пацея і інш.). У XVІ - XVІІ стст. на Беларусі набыў пашырэнне жанр палітычнай сатыры ("Прамова Мялешкі", "Ліст да Абуховіча"). Сатырычна-парадыйнымі творамі "Уваскрэсенне Хрыстова", "Энеіда навыварат" і "Тарас на Парнасе" распачалася новая беларуская літаратура. Глыбокім сатырычным зместам вызначаюцца драматычныя творы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ("Сялянка", "Пінская шляхта"), рэвалюцыйная публіцыстыка Кастуся Каліноўскага, вершы Францішка Багушэвіча ("Бог не роўна дзеле", "Хрэсьбіны Мацюка", "Скацінная апека"), байкі Альгерда Абуховіча ("Ваўкалак", "Старшыня"). Асабліва значны ўклад у станаўленне і развіццё розных жанраў беларускай сатыры ўнеслі Янка Купала (камедыя, байка, эпіграма, сатырычны верш), Якуб Колас (сатырычнае апаваданне, сатырычны верш), Ядвігін Ш. (гумарэска). Буйным пісьменнікам-сатырыкам з'яўляецца Кандрат Крапіва. Ён узняў на новую ступень такія жанры, як байка ("Дыпламаваны баран", "Жаба ў каляіне"), камедыя ("Хто смяецца апошнім", "Мілы чалавек"), сатырычны верш ("Будуйце лазні!", "Язычок", "Член"). Заслужанай вядомасцю карыстаюцца творы беларускіх сатырыкаў - камедыі Андрэя Макаёнка, Алеся Петрашкевіча, асобныя байкі У. Корбана, Э. Валасевіча, сатырычныя вершы Пімена Панчанкі, Максіма Танка, С. Дзяргая, Рыгора Барадуліна, Ніла Гілевіча, пародыі Г. Юрчанкі і інш.;
   2. У вузкім значэнні - сатырычны верш, у якім у здзеклівай, саркастычнай форме выкрываюцца найбольш небяспечныя заганы грамадства і асобных людзей.
   Такія сатыры у свой час пісалі Янка Купала ("Ворагам Беларушчыны", "Слугам алтарным") і Якуб Колас ("Мікалаю ІІ", "Канстытуцыя"). Яны сустракаюцца і ў іншых беларускіх паэтаў - Кандрата Крапівы ("Добра насабачыўся"), Петруся Броўкі ("Звадыяш"), Пімена Панчанкі ("Мастадонт") і інш.