Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Рамантызм

   Рамантызм (франц. romantisme) - метад літаратурны, які ў канцы XVIII ст. узнік у Заходняй Еўропе (Германія, Англія, Францыя), а затым, у першай палове XIX ст., пашырыўся ў літаратуры сусветнай.
   На месца культу розуму, апалагетыкі антычнасці, перавагі калектыўнага над індывідуальным, чым характарызаваўся класіцызм, ён паставіў культ пачуцця, арыентацыю ня сярэдневяковую культуру, прынцып індывідуальнасці, самабытнасці творчасці. Рамантызм стварыў тып героя-бунтара, супрацьпаставіў рэальнаму ідэальнае, завастрыў увагу на выключных характарах, падзеях, пачуццях-жарсцях (Ф. Шлегель, Л. Цік, Наваліс, Г. Гейнэ, П. Б. Шэлі, Дж. Байран, В. Гюго, А. Пушкін, М. Лермантаў, М. Гогаль, Тарас Шаўчэнка, Юльюш Славацкі, В. Скот і інш.).
   Пісьменнікі-рамантыкі ў сваёй творчасці адстойвалі нацыянальныя традыцыі, мову, культуру, фальклор. Яны адкінулі рацыяналістычную рэгламентаванасць у мастацтве, звярталіся да фантастыкі, заклікалі да ўзаемапранікнення розных родаў і відаў літаратуры, розных мастацтваў.
Дзякуючы рамантызму ўзніклі ці набылі пашырэнне такія літаратурныя жанры, як драма, паэма, гістарычны раман, балада, раманс, лірычны верш, лірычная песня.
   Беларусь з'явілася родапачынальніцай рамантызму не толькі ў сваёй уласнай, але і ў польскай літаратуры (зборнік "Паэзія" А. Міцкевіча, 1822). Польскамоўныя пісьменнікі, што нарадзіліся на беларускай зямлі, у рамантычным духу апрацоўвалі беларускі фальклор, гістарычныя паданні ("Князь Канстанцін Астрожскі" Юльяна Урсына Нямцэвіча, "Свіцязянка", "Рыбка", "Гражына" Адама Міцкевіча, "Свіцязь-возера" Тамаша Зана, "Узногі", "Калдычэўскі шчупак" Яна Чачота, "Шляхціц Завальня" Яна Баршчэўскага, "Жменя пшаніцы", "Хадыка", Уладзіслава Сыракомлі і інш.). Многія з іх паралельна пісалі творы на беларускай мове (Ян Чачот, Ян Баршчэўскі, Уладзіслаў Сыракомля і інш.), хоць, вядома, друкавацца не маглі ў выніку забароны царскім урадам друку на беларускай мове.
   Рамантызм прывёў да нацыянальнага фальклору, мовы, нацыянальнай тэматыкі і першага класіка новай беларускай літаратуры — Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ("Вечарніцы", "Шчароўскія дажынкі", "Травіца брат-сястрыца" і інш.). Нарэшце, рамантызм у многім абумовіў спецыфіку творчасці беларускіх пісьменнікаў нават пачатку ХХ ст. (Цётка, Янка Купала, Максім Багдановіч, Якуб Колас і інш.). Праўда, гэты, ужо абноўлены, аплоднены дасягненнямі паэтыкі мадэрнізму (сімвалізму, імпрэсіянізму і інш.) рамантызм некалькі стаў адрознівацца ад свайго пабраціма, што і абумовіла яго новую назву — неарамантызм.
   Прадстаўнікі неарамантызму (Г. Гаўптман, Э. Л. Войніч, Дж. Р. Кіплінг, Дж. Лондан, М. Горкі, Л. Андрэеў, Ю. Яноўскі і інш.), не адрываючыся ад прынцыпу гістарызму, сацыяльных і нацыянальных запатрабаванняў рэчаіснасці, шукаюць у ёй выключных герояў, абставін, страсцей. Адсюль - апалагетыка моцнай асобы, цэльнай валявой натуры, маральны максімалізм ("Песня о Буревеснике", "Песня о Соколе", "Старуха Изергиль" М. Горкага, рамантычныя паэмы Янкі Купалы "Бандароўна", "Курган", "Магіла льва", "Яна і я", "Страцім-лебедзь" Максіма Багдановіча і інш.). Праявы неарамантызму можна адшукаць у беларускай літаратуры ўсяго ХХ ст. (творы Змітрака Бядулі, Міхася Зарэцкага, Янкі Брыля, Івана Навуменкі, Уладзіміра Караткевіча, Вячаслава Адамчыка, Барыса Сачанкі, А. Лойкі, Янкі Сіпакова, Леаніда Дайнекі і інш.).

Похожие статьи:

СачыненніРамантычны герой у рамантычных абставінах (па рамане У. Караткевіча "Каласы пад сярпом тваім")