Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Пяцірадкоўе (квінціла)

Кнопка отправить на печать

   Пяцірадкоўе, або квінціла (ісп. quintilla, ад лац. quintus — пяты), — страфа, якая складаецца з пяці вершарадоў, злучаных дзвюма (радзей — адной) рыфмамі або клаўзуламі. Рыфмуецца найчасцей па схеме АбААб (АБААБ, аБааБ).
   Такой страфой напісаны, у прыватнасці, вершы «Сыходзіш, вёска, з яснай явы» Янкі Купалы, «Ведай, свет...» Міхася Чарота, «Ішлі сябры» А. Александровіча,«Аб чым спяваюць салаўі» Петруся Глебкі і інш.

 

Смешная геральдыка: мама і тата.
Дзіўная геральдыка: запылены том.
Старая геральдыка: сялянская хата.
Калі мой продак і быў хвастаты,
Дык гэта не значыць, што я з хвастом.
(М. Лужанін. «Смешная геральдыка»)


   Радзей сустракаюцца пяцірадкоўі з інакшай кампаноўкай рыфмаў — аБББа, ААБББ, ААбАб:

 

Ой лес, беларускі наш лес!
Я песень за век свой злажыў табе многа,
У свет праз цябе мне ляжала дарога,
Ты песціў юнацкасць, і цешыць старога
Сягоння твой полаг-навес.
(Якуб Колас. «Лясам Беларусі»)

Дзёгаць і лой мае рукі раз’елі,
Шчокі ў гразі і ў духоце счарнелі,
Краска завяла,
Шчасце прапала, —
Скура забрала...
(Цішка Гартны. «Песні гарбара»)

Стукаюць цяжкія молат за молатам,
Сыплюцца іскра за іскраю золатам,
Бляскі кладуць на зямлі.
Цяжкаю працай заняты тут волаты:
Жыццё куюць кавалі.
(Алесь Гурло. «У жыццёвай кузні»)


   Арыгінальным пяцірадкоўем, у якім першы радок халасты, напісаны верш Максіма Танка «У маршы»:

 

Жыць нам прыйшлося вялікімі днямі,
На пераломе
Жалеза і песні,
У новых маланках, у новым громе.
Свет стары людзям быў цесны.


   Рэдкае пяцірадкоўе з адной рыфмай сустракаем у вершы Алега Лойкі «Дыханне»:


Дыханне маё, дыханне —
Зорак на хвалях ваганне,
Жытнёвых ніў калыханне,
З-пад крылаў любві, кахання
Таямніцаў шуганне.


   Ва ўсходняй паэзіі пяцірадкоўі ляжаць у аснове своеасаблівага верша — мухамаса. У першай яго страфе адна рыфма яднае ўсе радкі (ааааа), у наступных — толькі першыя чатыры, пятыя ж рыфмуюцца з радкамі першай страфы (бббба вввва гггга...).
   Наогул у пяцірадкоўі з дзвюма рыфмамі магчымыя дзесяць варыянтаў рыфмоўкі. З іх беларускай паэзіяй асвоены яшчэ не ўсе. Якуб Колас, у прыватнасці, пяцірадкоўямі напісаў 29 тэкстаў («Мужык», «Вусце», «Баяну-Кабзару», «На ўсходзе сонца», «Дзед і ўнук» і інш.), выкарыстаўшы 7 рыфмова-клаўзуальных схем і 23 мадэлі страфы.