Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Прыказка

   Прыказка — устойлівае трапнае народна-паэтычнае выслоўе павучальнага характару, якое ўвасабляе мудрасць і шматвяковы вопыт людзей у той ці іншай галіне гаспадарчай або духоўнай дзейнасці.
   Прыказкі вызначаюцца завершанасцю і лаканічнасцю формы, яскравай метафарычнасцю, рытмічнасцю мовы, разнастайнасцю сродкаў мастацкай выразнасці. Прыказкі з іх здольнасцю абагульняць жыццёвы вопыт, суадносіцца з многімі з’явамі рэчаіснасці — гэта, па сутнасці, маленькія прытчы. Напрыклад: У родным краю, як у раю. Узяўся за гуж, не кажы, што нядуж. У нашай Хадоркі адны адгаворкі. Калі на галаве шапка скача, то за ім жонка плача.
   Ад прыказак часам адрозніваюць прымаўкі. Прыказка «выводзіць правіла, якое пашыраецца на ўсе аналагічныя з’ явы, прымаўка абмяжоўваецца толькі гэтаю канкрэтнаю з’яваю» (Кандрат Крапіва). Таму, напрыклад, Зяць любіць узяць — прыказка, а Наш зяць любіць узяць — прымаўка.
   Народныя прыказкі і прымаўкі ў нязменным або некалькі змененым выглядзе часта ўжываюцца ў паэтычных творах, часам нават як назвы (напрыклад, «Гебельс брэша — вецер носіць» Кандрата Крапівы). На выкарыстанні сэнсава-вобразных мажлівасцей народных прыказак цалкам пабудаваны наступны верш Максіма Танка:

Кажуць:
«Цішэй едзеш — далей будзеш».
Мо паверыць?
«А за кукіш круп не купіш».
А я думаў?
«Праўда люба, хоць і груба».
Ці заўсёды?
«Папрацуеш — смак пачуеш».
Мо і праўда.
Кажуць: «Смерць вянчае славай».
Пачакаю?
 

   Паэтыку беларускіх народных прыказак даследаваў М. А. Янкоўскі («Паэтыка беларускіх прыказак». Мн., 1971). Найбольш поўная іх публікацыя — выданне «Прыказкі і прымаўкі» (Уклаў М. Я. Грынблат. Мн., 1976. Кн. 1-2.).