Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Пасланне

   Пасланне - эпісталярна-публіцыстычны твор, напісаны ў форме звароту да нейкай рэальна існуючай асобы (ці многіх асоб). Нярэдка набывае выгляд маналагічнай прамовы-развагі або адкрытага ліста да каго-небудзь. Прычым аб'ект паслання цікавіць аўтара не столькі сам па сабе, колькі той магчымасцю, якую дае ён, каб паразважаць над пэўнымі сацыяльна-палітычнымі, гістарычнымі або мастацтвазнаўчымі праблемамі.
   Вытокі беларускага літаратурнага паслання - у сярэдневяковых празаічных творах, такіх, як "Апокрысіс" Xрыстафора Філалета, "Лісты" Ф. Кміты-Чарнабыльскага, ананімныя "Прамова Мялешкі" і "Ліст да Абуховіча". З XІX ст. гэты жанр становіцца ледзь не выключна надбаннем паэзіі.
   Пасланне сустракаецца ў Яна Чачота ("Да мілых мужыкоў'), Вінцэся Каратынскага ("Уставайма, братцы!"), Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ("Да пачцівых беларусаў'), Кастуся Каліноўскага ("Пісьмо з-пад шыбеніцы"), Францішка Багушэвіча ("Не цурайся"), Янкі Лучыны ("Усёй трупе дабрадзея Старыцкага беларускае слова"), Адама Гурыновіча ("Дзякуй табе, браце, Бурачок Мацею"), Аляксандра Ельскага ("Вінцуку Дуніну-Марцінкевічу').
Росквіт паслання у беларускай паэзіі прыпадае ня пачатак XX ст. У гэты час відавочна пашыраюцца яго сэнсавыя і тэматычныя абсягі, удасканальваецца мастацкая форма. З'яўляюцца вядомыя пасланні Якуба Коласа ("Беларусам", "Ворагам", "Сябрам-выгнаннікам"), Цёткі ("Вам, суседзі", "Суседзям у няволі", "Вясковым кабетам"), Максіма Багдановіча ("Ліст да п. В. Ластоўскага", "Народ, Беларускі народ"), у якім гучна заяўляюць пра сябе сацыяльныя і нацыянальна-вызваленчыя ідэі, выразны грамадскі пафас.
   Асабліва ахвотна да пасланняў ва ўсе перыяды сваёй творчасці звяртаўся Янка Купала, карыстаўся гэтым жанрам некалькі дзесяткаў разоў, прычым у самых розных паводле сваёй тэматыкі і прызначэння творах. Янка Купала вольна адчуваў сябе, бадай, ва ўсіх жанравых разнавіднасцях паслання: сацыяльна-палітычным    ("Апекунам", "Ворагам Беларушчыны"), грамадска-патрыятычным ("Арлянятам", "Беларускім партызанам"), літаратурным ("Прывет вам...", "Аўтарцы "Скрыпкі беларускай"), сатырычным ("Дэпутату N. N. ", "Слугам алтарным"), інтымна-лірычным ("Да дзяўчынкі", "Да сваіх думак"), пасланню-інвектыве ("Гэй, капайце, далакопы", "Японскім самураям") і г. д. Купалаўскія традыцыі былі плённа развіты беларускай паэзіяй ("Лісты да сабакі" Язэпа Пушчы, "Ліст з палону" Аркадзя Куляшова, "Ліст да маці" М. Сурначова, "Не шкадуйце, хлопцы, пораху" Максіма Танка, "Беларускаму народу" Максіма Лужаніна, "Рускаму брату" Пімена Панчанкі і інш.)