Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Метанімія

Кнопка отправить на печать

   Метанімія (ад гр. metonymia - перайменаванне) - від тропа., сутнасць якога - у перанясенне назвы адных з'яў ці прадметаў на другія на аснове іх знешняй або ўнутранай сувязі. Прычым, у адрозненне ад метафары, падобнасць з'яў ці прадметаў у метаніміі не мае значэння. Метанімічны выраз завастрае ўвагу на пэўнай, характэрнай рысе з'явы, дазваляе паказаць яе яскрава і па-свойму.
   Так, у вершы Рыгора Барадуліна "Арганаўты" сказана: "У полі сеялася заўтра". Маецца на ўвазе сяўба жыта. Аднак з жытам звязана жыццё, будучае (заўтрашняе) існаванне чалавека на зямлі. Менавіта гэта і падкрэслівае паэт надзвычай выразнай і лаканічнай метаніміяй. У метаніміі часам уласная назва мясцовасці ўжываецца ў значэнні насельніцтва, якое там жыве ("Мінск едзе па грыбы" — Пімен Панчанка), уласнае імя змяняе рэч ці прадмет, з ім звязаны ("Пакой я помню: На сцяне - Тарас,// Чые мы песні ведалі з калыскі"— А. Зарыцкі), уласцівасці ці дзеянні аднаго прадмета пераносяцца на другі прадмет, непасрэдна з ім звязаны ("Перш душылі паны,// Што шляхтай зваліся, // Цяпер "сукіны сыны"// За нас узяліся"Адам Гурыновіч).
   Відам метаніміі з'яўляюцца сінекдаха, у якой адны паняцці замяняюцца другімі на аснове іх колькасных суадносін. Найбольш частыя выпадкі сінекдахі - ужыванне часткі з'явы ці прадмета ў значэнні цэлага ("Тут кажух і шынель, і бурнос, лапсярдак..." — Францішак Багушэвіч) або цэлага замест часткі ("Ён зменлівы, наш час,// Такі гарачы// Не слухае драздоў,// Не ходзіць па расе" — Пімен Панчанка).
   На асаблівасцях метаніміі засноўваецца перыфраза, у якой назва з'яў або прадметаў падаецца праз апісанне іх асобных вызначальных прыкмет ("Не пад мысль песня будзе каму-небудзь з нас — // Канапляную возьмеш зарплату — Янка Купала). Перыфраза з'яўляецца своеасаблівай паэтычнай загадкай, "ключ" да якой ляжыць тут жа, у паэтычным кантэксце.
   Своеасаблівай разнавіднасцю перыфразы з'яўляецца антанамазія (або антанамасія) - замена імя вядомай асобы назвай прадмета ці з'явы, што з ёй непасрэдна звязаны (аўтар "Новай зямлі" - замест Якуб Колас, пясняр Нарачы - замест Максім Танк і г. д.). Антанамазіяй называюць таксама і ўжыванне ўласных імёнаў замест агульных разуменняў ("Свет, у якім мы жывём — // Не наш. // Яго даўно закаханыя параздавалі// Сваім Дульцынеям, Джульетам" — Максім Танк).
   Часам у літаратурнай мове непрыемнае ці непрыстойнае слова (словазлучэнне) замяняецца больш прыгожым ці далікатным. У дадзеным выпадку мы маем справу з эўфемізмам.
   У той час як метафара часцей ужываецца ў паэзіі, метанімія - у прозе.