Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Літаратурная мова

Кнопка отправить на печать

   Літаратурная мова — апрацаваная і ўнармаваная форма агульнанароднай мовы, якая яе носьбітамі лічыцца ўзорнай і абслугоўвае розныя сферы духоўнай і грамадскай дзейнасці (адукацыя, культура, навука, справаводства, сродкі масавай інфармацыі і інш.).
   У аснову літаратурнай мовы звычайна кладзецца нейкі дыялект; узбагачаны за кошт іншых дыялектаў нацыянальнай мовы і чужамоўных запазычанняў, замацаваны пісьмова, ён становіцца своеасаблівай нормай зносін пэўнай супольнасці. Асаблівая роля пры гэтым належыць пісьменнікам, якія ў найбольшай ступені ўдзельнічаюць сваёй творчасцю ў выпрацоўцы норм літаратурнай мовы.
   Неабходна, аднак, адрозніваць літаратурную мову і мову мастацкай літаратуры, г. зн. ужыванне літаратурнай мовы ў мастацкай літаратуры, або літаратурнае маўленне. Паняцці гэтыя — пры ўсёй іх блізкасці — не тоесныя. Літаратурная мова — паняцце гістарычна зменлівае; новае аблічча літаратурнай мовы можа вельмі моцна адрознівацца ад ранейшага (старажытная і новая латынь, старажытнагрэчаская і новагрэчаская, іўрыт і ідыш, стараанглійская і сучасная англійская, старабеларуская і сучасная беларуская і г. д.). У той жа час у пэўныя перыяды нацыянальнага развіцца ў якасці літаратурнай мовы можа выкарыстоўвацца чужая (арабская — у цюркскіх народаў, латынь — у народаў сярэдневяковай Еўропы, у тым ліку беларусаў, кітайская — у японцаў і карэйцаў, французская і партугальская — у некаторых афрыканскіх народаў, англійская — у народаў Індыі, стараславянская — у рускіх да ХVІІ ст., часткова — у беларусаў і ўкраінцаў і г. д.).
   Разам з развіццём нацый і нацыянальнай свядомасці, узнікненнем нацыянальных дзяржаў, набыццём гэтымі дзяржавамі палітычнай незалежнасці нацыянальныя літаратурныя мовы, як правіла, набываюць дзяржаўны статус. Беларуская літаратурная мова існуе ў двух варыянтах: старабеларуская і сучасная.
   Старабеларуская літаратурная мова (у свой час яна называлася "руськай", "русінскай", "літоўска-русінскай", "простай", "простым рускім дыялектам" і інш.) на працягу амаль пяці стагоддзяў з'яўлялася дзяржаўнай у Вялікім княстве Літоўскім, што было заканадаўча замацавана ў Статутах ВКЛ 1566 і 1588 гг. На ёй вялося справаводства, пісаліся летапісы, рэлігійныя і мастацкія творы; "вялікія князі, — як падкрэсліваў Адам Міцкевіч, — карысталіся ёю для сваёй дыпламатычнай перапіскі". Побач з ёю ў якасці літаратурнай мовы шырока ўжывалася латынь і — значна радзей — стараславянская.
   Сучасная беларуская літаратурная мова фарміравалася ў ХІХ — пачатку ХХ ст. ў вельмі неспрыяльных абставінах (жорсткая паланізацыя, потым русіфікацыя, забарона царскім урадам беларускага друку і беларускай мовы ў афіцыйным ужытку і г. д.). У аснову яе ляглі гаворкі цэнтральнай Беларусі (зона Ашмяны-Мінск-Барысаў), адкуль выйшлі буйнейшыя яе стваральнікі — Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Францішак Багушэвіч, Янка Купала, Якуб Колас. Насільная паланізацыя, русіфікацыя, а таксама натуральныя польскія і рускія культурныя ўплывы прывялі ў Беларусі да літаратурнага двухмоўя (беларуска-польскага і беларуска-рускага ў ХІХ ст. і беларуска-рускага — у ХХ ст.). Нацыянальнае адраджэнне беларусаў, узнікненне беларускай дзяржавы (1918-1919 гг.), набыццё Беларуссю дзяржаўнай самастойнасці (1990-1991 гг.), прыняцце Вярхоўным Саветам БССР 26 студзеня 1990 г. закона "Аб мовах у Беларускай ССР", паводле якога беларуская мова абвешчана дзяржаўнай, — усё гэта спрыяла раней і сёння садзейнічае ўмацаванню сацыяльнага статуса беларускай мовы як літаратурнай мовы беларускага народа, усіх грамадзян Беларусі.
   Вялікае лексічнае багацце, распрацаванасць, унармаванасць, стабільнасць традыцый, стылістычная дыферэнцыяцыя — гэта і многае іншае дазваляе спадзявацца на натуральнае і плённае развіццё беларускай літаратурнай мовы ў ХХІ стагоддзі.