Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Класіцызм

Кнопка отправить на печать

   Класіцызм (ад лац. classicus – узорны) – метад, напрамак і стыль еўрапейскай мастацкай культуры другой паловы ХVІІ – пачатку ХІХ стст.
   Сутнасць класіцызму выявілася ў кананізацыі антычнай класікі, арыентацыі на яе як на дасканалы ўзор для наследавання, у нарматыўнасці эстэтычных крытэрыяў, ідэалізацыі і абстрактнасці вобразнага абагульнення (тыпізацыі) без усебаковага выяўлення пры гэтым непаўторна-асабовага (індывідуалізацыі). Класіцызм характарызуецца універсальнасцю, бо ахапіў усе віды мастацтва, а таксама эстэтыку і крытыку. Для яго характэрна таксама пэўнае стылявое адзінства.
   Як мастацкі метад класіцызм грунтаваўся ў многім на традыцыях Адраджэння (крыху забягаючы наперад, заўважым што ў класіцызме таксама было вельмі шмат момантаў, якія ішлі ўразрэз з адраджэнскай дактрынай), сінтэзуючы пры гэтым таксама ў пэўнай ступені і некаторыя дасягненні барока.
   Паэтыка класіцызму пачала складвацца ў эпоху позняга Адраджэння ў Італіі (працы Л. Кастэльвестра і Ю. Скалігера). Аднак у якасці цэласнай мастацкай сістэмы класіцызм выступіў толькі ў ХVІІ ст. у Францыі ў перыяд умацавання і росквіту ў дадзенай краіне абсалютызму. Першым буйным тэарэтыкам французскага класіцызму стаў Ф. дэ Малерб, аднак закончанае сістэмнае выражэнне дадзены метад і стыль атрымаў у вершаваным трактаце Н. Буало «Паэтычнае майстэрства» (1674).
   Працягваючы некаторыя традыцыі Адраджэння (пакланенне антычным пісьменнікам, вера ў розум, ідэал гармоніі і меры), класіцызм разам з тым з’яўляўся своеасаблівай антытэзай Рэнесансу. Гэта выяўлялася ў тым, што за знешняй гармоніяй у класіцызме хаваецца ўнутраная антынамічнасць светаадчування. Дадзеная акалічнасць крыху родніць класіцызм з барока, хоць гэтыя метады ў аснове сваёй надзвычай розныя. Родавае і індывідуальнае, грамадскае і асабістае, розум і пачуццё, цывілізацыя і прырода ў мастацтве Рэнесансу выступалі (праўда, у асноўным у тэндэнцыі) як адзінае гарманічнае цэлае. У класіцызме ж яны рэзка палярызуюцца. У аснове эстэтыкі класіцызму ляжаць прынцыпы рацыяналізму, якія адпавядаюць філасофскім ідэям картэзіянства. Яны сцвярджаюць погляд на мастацкі твор як на поўнасцю штучнае ўтварэнне, арганізаванае розумам і логікай, без якіх бы там ні было прымешак інтуіцыі, падсвядомага і г. д.
   Эстэтыка класіцызму ўсталёўвае строгую іерархію жанраў, якія падзяляюцца на два супрацьлеглыя полюсы: «высокія» і «нізкія». Сфера «высокіх» жанраў, да якіх адносяцца трагедыя, эпапея і ода (пісаліся дадзеныя жанры толькі вершам),– дзяржаўнае жыццё, важныя гістарычныя падзеі, міфалогія; героі твораў – манархі, палкаводцы, вядомыя міфалагічныя асобы, рэлігійныя падзвіжнікі. «Нізкія» жанры (камедыя, сатыра, байка) адлюстроўваюць прыватнае паўсядзённае жыццё сярэдніх па свайму грамадскаму становішчу і матэрыяльнай забяспечанасці людзей. Часам у персанажную сферу «нізкіх» жанраў пранікаюць і прадстаўнікі вясковага і гарадскога плебсу. Прамежкавае месца адведзена «сярэднім» жанрам – элегіі, ідыліі, пасланню, санету, песні. Кожны жанр у класіцызме мае строгія межы і яскрава выражаныя фармальныя прыкметы. Не дапускалася спалучэння ў творах узвышанага і нізкага, трагічнага і камічнага, гераічнага і звычайнага: што дазволена сатыры, тое не павінна быць у трагедыі; што з’яўляецца прыдатным для камедыі, тое ні ў якім разе не павінна выкарыстоўвацца ў эпапеі; і г. д. Вядучым жанрам класіцызму стала трагедыя, звернутая да адлюстравання важнейшых грамадскіх і маральна-этычных праблем веку. Грамадскія канфлікты паўстаюць у ёй адлюстраванымі ў душах герояў, якія пастаўлены перад неабходнасцю выбару паміж дзяржаўным доўгам і асабістымі памкненнямі. Самымі вядомымі французскімі трагікамі класіцыстычнага часу з’яўляюцца П. Карнэль і Ж. Расін. У класіцыстычную французскую камедыю найбольшы ўклад унёс Ж.Б. Мальер, у байку – Ж. Лафантэн, сатыру – Н. Буало, маралістычную прозу – Ф. Ларашфуко.
   Рацыяналістычны падыход вызначаў у класіцыстаў адносіны да паэтычнай формы: кожны твор павінен быць строга прадуманым, кампазіцыя пабудавана лагічна, з суразмернасцю кожнай часткі, стыль характарызавацца празрыстасцю, мова – лаканічнасцю і дакладнасцю.
   Асабліва строгія патрабаванні прад’яўляліся да драматычных жанраў, перш за ўсё да трагедыі, якая павінна была складацца з пяці актаў. Камедыі маглі быць і трохактовымі (у ХVІІІ ст. пачынае з’яўляцца ўсё больш і больш аднаактовых літаратурных камедый; да гэтага часу малыя формы драмы развіваліся пераважна ў рэчышчы народнага тэатра), але ні ў якім разе чатырох- ці двухактовымі. Вельмі строга сачылі тэарэтыкі класіцызму за выкананнем прынцыпу трох адзінстваў – месца, дзеяння і часу, сфармуляваных яшчэ ў трактатах Дж. Трысіна і Ю. Скалігера, якія ў сваю чаргу абапіраліся на «Паэтыку» Арыстоцеля. Згодна правілу адзінства месца, усё дзеянне павінна адбывацца ў адным месцы – палацы, доме ці нават пакоі. Адзінства часу патрабавала, каб дзеянне п’есы абавязкова ўкладвалася ў сутачны адрэзак. Нарэшце, адзінства дзеяння вымушала, каб падзеі, адлюстраваныя ў п’есе, мелі свой пачатак, развіццё і заканчэнне. Акрамя таго, у творы не павінна быць ніякіх «лішніх» эпізодаў і дзеючых асоб – усяго таго, што не звязана з асноўным дзеяннем.
   Пік у развіцці французскага класіцызму прыпадае на 60-80-я гг. ХVІІ ст. Затым ён крыху занепадае, а з пачаткам эпохі Асветніцтва зноў адраджаецца і існуе больш-менш стабільна да Вялікай французскай буржуазнай рэвалюцыі, а таксама ў час яе. Асаблівы ўклад у французскі асветніцкі класіцызм унеслі Вальтэр і М.Ж. Шэнье. Поўнасцю зніклі класіцыстычныя рысы з літаратуры Францыі толькі к 30-м гг. ХІХ ст.
   Пад уплывам французскай літаратуры класіцызм развіваецца і ў іншых краінах Еўропы: у Англіі (А. Поп, Дж. Адысан), Італіі (В. Альф’еры, часткова У. Фаскола), Германіі (І. Готшэд, і асабліва прадстаўнікі веймарскага класіцызму ў асобах І.В. Гётэ і Ф. Шылера), Расіі (А. Канцемір, В. Традзякоўскі, М. Ламаносаў, А. Сумарокаў).
   На Беларусі, у Польшчы і Літве,– пішуць У. Конан і А. Мальдзіс,– тэндэнцыі класіцызму прыкметны з ХVІІ ст. як у тэорыі (курсы паэтыкі і рыторыкі), так і ў мастацкай практыцы (пераважна ў архітэктуры і сілабічнай паэзіі). У якасці прыкладу вучоныя прыводзяць дзейнасць М. Сарбеўскага (тэорыя) і Сімяона Полацкага (паэзія, прычым у спалучэнні з барочнымі элементамі). Больш жа паслядоўна, на думку гэтых жа даследчыкаў, класіцызм у беларускай літаратуры і шматмоўнай літаратуры Беларусі выявіўся ў  2-й пал. ХVІІ – пач. ХІХ стст. у творчасці А. Нарушэвіча, А. Нямцэвіча, Ф. Багамольца, Т. Глінскай, І. Сакольскага, І. Галянеўскага, М. Карыцкага, М. Цяцерскага, Каятана Марашэўскага, І. Юрэвіча, а таксама ў ананімнай бурлескнай паэзіі («Таго дня вельмі слаўнага», «Стары Восіп барадаты», «Уваскрасенне Хрыстова» і інш.). Эстэтыка класіцызму наклала пэўны адбітак на творчасць некаторых пісьменнікаў ХІХ ст. (Яна Чачота, Яна Баршчэўскага, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча).
   У літаратуразнаўстве ў дачыненні да шэрагу рэчаў еўрапейскай літаратуры ХІХ-ХХ стст. ужываецца тэрмін «неакласіцызм». Як адзначаецца ў літаратурным энцыклапедычным слоўніку, літаратурныя з’явы, якія адносяцца да неакласіцызму, працягваючы ў чымсьці традыцыі класіцызму, узніклі, аднак, пасля змены яго другімі накірункамі (не раней пач. ХІХ ст.) і ў розных гістарычных умовах і нацыянальных літаратурах набылі рознае ідэйна-мастацкае значэнне. Неакласіцызм знаходзяць у «лёгкай паэзіі», у вершах А. Майкава  і М.Ф. Шчарбіны, у «парнасцаў», у паэзіі і драматургіі рускіх сімвалістаў (І.Ф. Аненскі, В.Я. Брусаў), у сучаснай французскай драматургіі (Ж. Ануй, Ж.П. Сартр, Ж. Жыраду»).