Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Зваротная метафарызацыя

   Зваротная метафарызацыя - від тропа, сутнасць якога — ў вяртанні словам ці словазлучэнням іх першаснага, вобразнага значэння.
   Як падкрэсліваў А. Патабня, "усе значэнні ў мове па паходжанні вобразныя, кожнае можа з цягам часу стаць нявобразным". Так, мы гаворым баравік, коцікі (на вярбе), чарніла і г. д. і нават не адчуваем пераноснасці значэнняў гэтых слоў, таго, што кожнае з іх — своеасаблівы троп. Усе словы нашага лексікону набылі ўласцівасці знака, які называе пэўнае паняцце. Гэта надзвычай важная рыса мовы як сродку камунікацыі. Аднак паэтычная мова нясе не толькі інфармацыю, але і вобраз, пачуццё, эмоцыі, таму часта звяртаецца да метафарызацыі — ужывання слоў у іх пераносным значэнні. Гэтай жа мэце служыць і зваротная метафарызацыя, якая, вяртаючы слову яго першаснае значэнне, нагадвае пра наяўнасць у ім пераноснага значэння, што з цягам часу выветрылася, забылася.
   Так, калі прачытаеш радкі А. Наўроцкага "Стаіш і зачаравана слухаеш, як мяўкаюць коцікі на галінках ракіт", то ў свядомасці адразу ажывае першаснае значэнне слова коцік (свойская жывёла). Менавіта гэта дапамагае адчуць пераноснасць значэння слова пры абазначэнні ім новай рэаліі (коцікі на ракіце). У вершы Максіма Танка "Зарапад" зваротная метафарызацыя "ажывіла" назвы сузор'яў:

 

А ноч звініць ад камароў.
Ланцуг перагрызла Мядзведзіца
І Млечным Шляхам да сяла
Праз нашу краіну азёрную,
Прытопваючы, пайшла
Збіраць медзякі зорныя...


   Майстар зваротнай метафарызацыі Пімен Панчанка ўмеў надаць вобразную моц нават навуковым тэрмінам, уводзячы іх у нязвыклы, нечаканы кантэкст. Вось два прыклады з яго творчасці:

Эх, правадніца, правадніца,
Люблю я твой вандроўны дом.
Хачу з табою парадніцца,
Зрабіцца паўправадніком.
        ("Паўвека... Гэта шмат – паўвека")


А калі там што-небудзь прапушчана:
Мала песень, азёр, навальніц —
Прыязджайце да нашых пушчаў
І напіцеся з першакрыніц.
        ("Наша энцыклапедыя")

   Нярэдка ў паэтычным кантэксце першаснае, вобразнае значэнне вяртаецца не толькі асобным словам ці словазлучэнням, але і фразеалагічным адзінкам. Такая з'ява атрымала назву рэалізацыі метафары.