Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Дольнік

Кнопка отправить на печать

   Дольнік — від танічнага верша, своеасаблівая пераходная форма ад сілаба-танічнай да танічнай сістэм вершавання. У дольніку звычайна ўрэгулявана колькасць моцных націскаў (іктаў) у радках, аднак міжнаціскныя інтэрвалы не аднолькавыя, як правіла, займаюць 1-2 склады. Часам могуць быць пропускі апорных (моцных) націскаў.
   У выніку ў дольніку выяўляецца чаргаванне не аднолькавых стопаў, як у сілаба-танічным вершы, а няроўнаскладовых рытмічных доляў (адсюль і назва верша). Гэта павышае рытмастваральную моц апорных націскаў (іктаў), а таксама значэнне слоў, на якіх стаяць такія націскі, і словазлучэнняў, аб'яднаных вакол гэтых слоў. У той жа час у дольніку так ці інакш адчуваецца метрычная аснова трохскладовых (радзей — двухскладовых) памераў, што не ўласціва, напрыклад, чыста танічнаму, або акцэнтнаму вершу.
Калі колькасць так званых адступленняў ад памеру не асабліва значная, дольнік набліжаецца да сілаба-танічнага верша. I наадварот, калі колькасць адступленняў павялічваецца, ён далей адыходзіць ад сілаба-тонікі, набліжаецца да танічнага верша.
   Для адрознення дольніка і сілаба-танічнага верша з так званым сцяжэннямі асобных стоп (выпадзенне аднаго ці двух ненаціскных складоў) звычайна карыстаюцца наступным правілам: калі ў вершы з выразнай метрычнай канвой звыш чвэрці "сцягнутых" стоп — гэта дольнік, калі чвэрць і менш — сілаба-танічны верш.
   У наступных строфах з верша А. Сербантовіча "... Мне з былога свайго не смешна" сцяжэнні складаюць звыш 32%, дазваляючы верш лічыць дольнікам:

Мне з былога свайго не смешна —
Нават крыўдна. Як ні кажы —
На ўсё я рашаўся паспешна.
Я паспешна на свеце жыў.

Я паспешна запісваў вершы,
Я паспешным у дружбе быў.
Я заўсёды паспешна верыў
I паспешна дзяўчат любіў.


   "Права на верш" М. Лужаніна - прыклад трохіктавага дольніка:

 

Углыб урасце карэнне —
Выбухам не ўзарвеш.
I скажацца ўсё дарэшты,
Што думаеш, што нясеш ты,
Так лёгка, нібы дыхнеш.
Гэтак яно прыходзіць,
Права тваё на верш.


   Да дольніка ў беларускай паэзіі звярталіся Цётка, Максім Багдановіч, Міхась Чарот, Аркадзь Куляшоў і іншыя паэты. Дольнікам напісана паэма В. Таўлая "Таварыш". Асаблівае распаўсюджанне гэты від верша атрымаў у творчасці Максіма Танка, Пімена Панчанкі, Уладзіміра Караткевіча, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, А. Наўроцкага і іншых аўтараў.