Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Дванаццацірадкоўе

   Дванаццацірадкоўе — страфа, якая складаецца з дванаццаці вершарадоў, завершаных па метрычнаму, інтанацыйна-сінтаксічнаму малюнку і па думцы. Ужываецца даволі рэдка.
   Часам утвараецца з трох цесна звязаных паміж сабой (сінтаксічна, інтанацыйна, сэнсава) катрэнаў («Свиданье» М. Лермантава). Больш арыгінальная рыфмоўка (аабвбвггдеде) выкарыстана ў паэме Максіма Танка «Журавінавы цвет»:

 

Начамі месячнымі аж да дня
Бялела ў прымаразках цішыня.
Прыслухаешся: рана, ледзь чуваць
Шуміць вада на грэблі пад мастом,
Ды сонна шэпча ссохлая трава
Над верхаводкай з шэрым лазняком.
Як толькі на альховыя сукі
Навесіць дзень зару, цецерукі
Падымуць спрэчку п’яную і шум.
Часамі вецер з плёсаў прынясе,
Дзе мох, як перавернуты кажух,
Плач кнігавак, крык журавоў, гусей...


   Своеасаблівым дванаццацірадкоўем з рыфмоўкай АбАбВгВгДееД напісана паэма Якуба Коласа «Рыбакова хата»:

 

Глядзіць у вокны зімні вечар.
Кладзецца мрок на цесны двор.
Мароз-мастак рукой старэчай
На шыбах піша свой узор.
Ляжыць зямля ў адзенні белым,
І дрэвы ў шэрані стаяць.
Спакой халодны, амярцвелы
Паклаў на ўсё сваю пячаць.
Але жыве старая хата.
Як сведка прадзедаўскіх дзён,
Лучнік звісае, нібы звон,
І тоіць нейкі сум зацяты.


   У Якуба Коласа дванаццацірадкоўе з рыфмоўкай ААБВВБВБВББВ сустракаецца яшчэ і ў выглядзе непадзельнага страфоіда (60 радкоў) у пачатку першага раздзела другой часткі паэмы «Сымон-музыка».