Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Гімн

   Гімн (ад гр. humnos - урачыстая песня) — урачыстая песня ў гонар якога-небудзь героя, выдатнай падзеі або дзяржавы. Для гімна характэрны ўзвышанасць і эмацыянальнасць стылю, урачыстасць лексікі, наяўнасць шматлікіх паўтораў, рытмічных фігур і гэтак далей.
   Узніклі гімны у старажытным Егіпце, затым шырокае развіццё атрымалі ў антычнай Грэцыі, дзе складаліся ў гонар багоў (культавыя гімны) і герояў (вайсковыя гімны). У сярэднія вякі, у эпоху бурных рэлігійных змаганняў, пашырыліся рэлігійныя гімны (гусіцкія гімны у Чэхіі XVI ст., лютэранскі херал XVI ст. у немцаў і г. д.). Развіццё капіталістычных вытворчых адносін і звязанае з гэтым станаўленне нацый і нацыянальных дзяржаў выклікалі да жыцця дзяржаўныя гімны як музычныя эмблемы пэўных дзяржаў. Рэвалюцыйная барацьба прадвызначыла з'яўленне рэвалюцыйных гімнаў, такіх, як "Марсельеза", "Інтэрнацыянал", "Варшаванка", "Адвеку мы спалі". Гісторыя сусветнай паэзіі ведае жанравую разнавіднасць сатырычна-парадыйных гімна ("Гімн золату" П. Рансара, "Гімн барадзе" М. Ламаносава, "Гімн абеду" У. Маякоўскага і інш.).
   На пачатку ХХ ст. верш Янкі Купалы "А хто там ідзе?", пакладзены на музыку Л. Рагоўскім, стаў, па слушнай заўвазе М. Горкага, "народным гімнам беларусаў". Ролю беларускіх гімнаў выконвалі і іншыя песні, напісаныя на словы Янкі Купалы ("Не згаснуць зоркі ў небе ..."), К. Каганца ("О Божа, спасе наш"), М. Краўцова ("Мы выйдзем шчыльнымі радамі") і інш.
   Функцыю беларускага рэлігійнага гімна выконвае песня "Магутны Божа" (словы Наталлі Арсенневай, музыка М. Равенскага):

 

Магутны Божа! Ўладар сусветаў,
Вялізных сонцаў і сэрц малых,
Над Беларусяй ціхой і ветлай
Рассып праменне Свае хвалы.
Дай спор у працы будзённай, шэрай
На хлеб штодзённы, на родны край.
Павагу, сілу і веліч веры
У нашу праўду, у прышласць - дай!
Дай урадлівасць жытнёвым нівам,
Учынкам нашым пашлі ўмалот.
Зрабі свабоднай, зрабі шчаслівай
Краіну нашу і наш народ!


   Свой першы афіцыйны дзяржаўны гімн Беларусь атрымала толькі ў 1955 г. Ім стала песня "Мы - беларусы" (словы М. Клімковіча, музыка Н. Сакалоўскага). Новая жыццёвая рэальнасць пачатку 90-х гг. ХХ ст. (ліквідацыя манаполіі КПСС, распад СССР, абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь) запатрабавала і новага дзяржаўнага гімна Беларусі. 2 ліпеня 2002 г. быў зацверджаны Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь (словы М. Клімковіча і У. Карызны, музыка Н. Сакалоўскага):

Мы, беларусы - мірныя людзі,
Сэрцам адданыя роднай зямлі,
Шчыра сябруем, сілы гартуем
Мы ў працавітай, вольнай сям'і.
Прыпеў:
        Слаўся, зямлі нашай светлае імя,
        Слаўся, народаў братэрскі саюз!
        Наша любімая маці-Радзіма,
        Вечна жыві і квітней, Беларусь!
Разам з братамі мужна вякамі
Мы баранілі родны парог,
У бітвах за волю, бітвах за долю
Свой здабывалі сцяг перамог!
Прыпеў.
        Дружба народаў - сіла народаў -
        Наш запаветны, сонечны шлях.
        Горда ж узвіся ў ясныя высі
        Сцяг пераможны - радасці сцяг!
Прыпеў.

Похожие статьи:

Юльюш СлавацкіЮльюш Славацкі - Гімн