Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Гумар

Кнопка отправить на печать

   Гумар (ад англ. humour — гумар, нораў, настрой, схільнасць) — адна з галоўных праяў (побач з сатырай) камічнага ў літаратуры. У адрозненне ад сатыры, гумар смешнае ў жыцці выяўляе не ў востра-здзеклівым, а ў жартоўным, добразычлівым тоне. За маскаю блюзнерства ў гумары хаваецца сур'ёзнае, за нізкім — велічнае, за дуротлівым — мудрае, за смешным — сумнае ("скрозь відочны свету смех... нябачныя яму слёзы" — Мікалай Гогаль).
   У залежнасці ад эмацыянальнага тону выказвання, ад культурнага ўзроўню стваральніка і ўспрымальніка твора гумар можа быць дабрадушны і жорсткі ("чорны"), тонкі і грубы, забаўны і сумны, чуллівы і зларадны і гэтак далей.
   У аснове гумару ў літаратуры — смешнае ў жыцці (з'явы, падзеі, людзі). Па словах I. В. Гётэ, ні ў чым так не выяўляецца характар чалавека, як у тым, што ён лічыць смешным. Гэта можна сказаць і пра цэлыя сацыяльныя, нацыянальныя, гістарычныя супольнасці. Гумар (яго характар, пашыранасць, стаўленне да яго) у многім прадвызначае нацыянальны характар. Гумарыстычныя творы выкарыстоўваюць выяўленчыя мажлівасці іроніі, гратэска, парадокса, досціпу. Гумар і сатыра звычайна не пярэчаць адно другому і ў творах сустракаюцца поруч.
   Сусветная літаратура ведае нямала імёнаў выдатных гумарыстаў — аўтараў знакамітых гумарыстычных твораў (Эразм Ратэрдамскі, А. Хаям, Франсуа Рабле, М. дэ Сервантэс, Ч. Дзікенс, В. Скот, Марк Твэн, Я. Гашак, М. Гогаль, М. Салтыкоў-Шчадрын, Антон Чэхаў, М. Зошчанка, М. Шолахаў, I. Катлярэўскі, А. Вішня і інш.).
   Беларуская гумарыстыка (сукупнасць твораў розных родаў і відаў жартоўнага напрамку) пачалася з фальклору — жартоўных прыказак, прымавак, загадак, песень, прыпевак, анекдотаў, жартаў, казак з камічным сюжэтам і інш. Гумар, як і сатыра, абумовіў своеасаблівасць многіх твораў старажытнай беларускай літаратуры.
   Новая беларуская літаратура таксама пачалася з гумару і сатыры ("Уваскрэсенне Хрыстова", "Энеіда навыварат", 'Тарас на Парнасе", камедыі і вадэвілі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і інш.), шырока карысталася ім і карыстаецца да сённяшняга дня. Найбольш пашыраныя жанры сучаснай беларускай гумарыстыкі — гумарыстычныя аповесці ("Бацька ў калаўроце" Р. Семашкевіча), апавяданні ("Ціхоня" Iвана Грамовіча), памфлеты ("Кат у белай манішцы" Кузьмы Чорнага), фельетоны, гумарэскі, байкі, жартоўныя паэмы ("Смаргонская акадэмія" Рыгора Барадуліна), вершы і песні ("Рыжая сучачка" А. Лойкі, "Скрыпка і бубен" А. Ставера, "Ручнікі" В. Вярбы), камедыі, вадэвілі, пародыі, эпіграмы, досціпы...
   Сярод шэрагу гумарыстаў ХХ ст. (камедыёграфаў, байкапісцаў, парадыстаў, шаржыстаў і інш.), несумненна, вылучаюцца Янка Купала, Якуб Колас, Кандрат Крапіва, Уладзіслаў Галубок, Андрэй Мрый, Андрэй Макаёнак, Васіль Вітка, Янка Брыль, Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін. Своеасаблівасцю сучаснай беларускай літаратуры з'яўляецца пашыранасць у ёй гумарыстычна-сатырычных ананімных твораў, у прыватнасці, ананімных паэм ("Сказ пра Лысую гару", "Сказ пра Саўку Паўлава і групу хуткага адпору", "Сказ пра Яфрэма Сакалова і тайную вячэру" і інш.).