Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Выданне

Кнопка отправить на печать

   Выданне - адзінка друкаванай прадукцыі, мэта і вынік выдавецкай справы.
   Перыядычныя выданні (або прэса) — гэта найперш газеты і часопісы. Газеты адрозніваюцца ад часопісаў, якія звычайна выходзяць не часцей аднаго разу на тыдзень, аператыўнасцю інфармацыі, значна меншым аб'ёмам, большым фарматам, адсутнасцю пераплёту і вокладак, больш частым выхадам у свет (кожны дзень, некалькі разоў або раз на тыдзень). Адзіная спецыяльная беларуская літаратурная газета — "Літаратура і мастацтва" (з 1932). Галоўныя літаратурна-мастацкія часопісы — "Полымя" (з 1922), "Беларусь" (з 1930), "Нёман" (з 1952), "Маладосць" (з 1953), "Крыніца" (з 1988; з 2003 - "Славянскі свет").
   Да асобных выданняў адносяцца кнігі — індывідуальна-аўтарскія ці калектыўныя выданні ў выглядзе збрашураваных і пераплеценых аркушаў друкаванага тэксту ў мяккіх ці цвёрдых вокладках; брашуры — кніжкі аб'ёмам менш за 48 старонак; альманахі (ад араб. аль-манах — каляндар) — зборнікі літаратурных твораў розных аўтараў, укладзеныя па тэматычным, жанравым, тэрытарыяльным ці нейкім іншым прынцыпе ("Братэрства", "Дзень паэзіі", "Свіцязь", "Ксеракс беларускі").
   Па сваім прызначэнні асобныя выданні бываюць масавыя і навуковыя. У навуковых выданнях змяшчаецца не толькі кананічны тэкст твора, але і яго варыянты, падрабязныя каментарыі, навуковыя прадмовы і пасляслоўі і інш. Такія, у прыватнасці, шматтомныя поўныя і акадэмічныя выданні класікаў нацыянальных літаратур, якія рыхтуюцца спецыяльнымі навуковымі ўстановамі (напрыклад, Інстытутам літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі) і выдаюцца звычайна як падпісныя выданні (у кнігарнях, у тым ліку спецыялізаваных, на іх арганізуецца падпіска, што гарантуе іх своечасовае атрыманне пакупніком). Прыкладамі беларускіх акадэмічных выданняў з'яўляюцца поўны збор твораў Максіма Багдановіча ў трох тамах (1992-1995), поўны збор твораў Янкі Купалы ў 9-і тамах, 10-і кнігах.
   Што да акадэмічных выданняў, то яны — як узор абсалютнай паўнаты аўтарскіх тэкстаў, навуковай аб'ектыўнасці іх публікацыі і каментавання — у нас пакуль што адсутнічаюць. У Расіі такім акадэмічным выданнем з'яўляецца найперш збор твораў Л. Талстога ў 90 тамах (1928-1958).
   Да навуковых выданняў адносяцца таксама хрэстаматыі (ад грэч. chrestos — карысны і manthano — вучуся) — зборнікі сістэматызаваных і пракаментаваных твораў (ці іх урыўкаў) пэўнага перыяду або кірунку, разлічаныя на  навучэнцаў  ("Хрэстаматыя беларускае літаратуры: ХІ век - 1905 г. " Максіма Гарэцкага, 1922; "Беларускі фальклор: Хрэстаматыя", 3 выд., 1985; "Беларуская літаратура ХІХ стагоддзя: Хрэстаматыя", 2 выд., 1988); манаграфіі (ад грэч. monos — адзін і grapho — пішу) — літаратуразнаўчыя даследаванні ў выглядзе кнігі ці брашуры, прысвечаныя адной тэме ці праблеме (Алесь Адамовіч. "Беларускі раман: Станаўленне жанра", 1961; В. Жураўлёў. "Структура твора: Рух сюжэтна-кампазіцыйных форм", 1978; У. Гніламёдаў. "Янка Купала: Новы погляд", 1995). Сярод масавых выданняў вылучаюцца зборы твораў буйнейшых нацыянальных пісьменнікаў (напрыклад, 14-томны Збор твораў Якуба Коласа, 7-томны — Янкі Купалы, 6-томны — Максіма Танка, 8-томны —Уладзіміра Караткевіча і інш.), у якіх, апрача публікацыі лепшых твораў, часам змяшчаюцца больш ці менш разгорнутыя каментарыі да іх; анталогіі (ад грэч. antos — кветка і lego — збіраю) — зборнікі лепшых, узорных твораў пэўнага перыяду ці жанру ("Анталогія беларускага апавядання: У 2-х тамах", 1967; "Анталогія беларускай народнай песні", 1975; "Анталогія беларускай паэзіі: У 3-х тамах", 1993), адаптаваныя выданні (ад лац. adapto — прыстасоўваю) — спрошчаныя, скарочаныя выданні твораў, прыстасаваныя для недастаткова падрыхтаванага чытача (напрыклад, разлічаныя на дзіцячае ўспрыманне выданні сур'ёзнай літаратуры).
   Па колькасці і якасці выданняў можна меркаваць пра ўзровень развіцця не толькі нацыянальнага кнігадрукавання, але і ўсёй нацыянальнай літаратуры.