Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Багагласнікі

   Багагласнікі – уніяцкія і праваслаўныя зборнікі песнапенняў рэлігійнага зместу, якія ўжываліся ў ХVІ-ХІХ стст. як у рукапісах, так і ў кнігах. Па іх спявалі ў час богаслужэння, хрэснага ходу і дома на святы. Гэта былі лацінскія гімны, польскія кантычкі, календы, гейналы, пастаралькі, беларускія і ўкраінскія духоўныя псальмы і канты.
   У багагласніках у першай частцы былі песні да розных рэлігійных святаў, пасвячэнне Хрысту, некаторым тыдням царкоўнага календара, у другой – багародным святам, у трэцяй – апосталам і пакутнікам, у чацвёртай – пакаянным і замілавальным песнапенням. Змест, музыка шматнацыянальныя, побытавыя матывы – найчасцей у псалмах-калядках. Пры параўнанні шматлікіх беларускіх, украінскіх і больш позніх рускіх багагласнікаў, узніклых з беларуска-ўкраінскіх узораў, назіраецца эвалюцыюя мовы ў бок яе русіфікацыі, прычым многія словы перакладаюцца на рускую мову няўдала, што вядзе да скажэння сэнсу, парушэння рыфмы, часам да разбурэння акравершаў.
   Ёсць звесткі, што існавала нямала ранніх беларускіх зборнікаў падобнага тыпу – скажам, захаваныя багагласнікі ў Богавыяўленскім манастыры, там адна з кніг – рыфмаваныя тэксты на старабеларускай мове. На ёй былі і запісаныя лацінкай жыровіцкія багагласнікі XVII ст. Надрукаваныя ў гэтым часе не зберагліся. У асноўным з-за праследавання праваслаўем, якое падавала іх за шкодную праяву уніяцтва. У XVIII ст. рукапісныя беларускія багагласнікі складаліся ў Супраслі (адзін з іх захоўваецца ў бібліятэцы ў Літве). Найбольш ранні захаваны друкаваны зборнік гэтай тэматыкі дайшоў да нас за 1790 г., дзе сустракаюцца ўкраінізмы ды беларусізмы.