Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Афарызм

   Афарызм (гр. aphorismos - выказванне) - выслоўе, у якім у трапнай, лаканічнай форме выказана значная і арыгінальная думка. Найбольш удалыя афарызмы становяцца агульнавядомымі і могуць перайсці ў фальклор, зрабіцца прыказкамі. Крыніцай афарызмаў з'яўляюцца творы навуковыя, публіцыстычныя ("Рэвалюцыі - лакаматывы гісторыі", "Рэлігія - опіум народу /Карл Маркс/; "Лепш менш, ды лепш", "Вучыцца., вучыцца і вучыцца" /У. Ленін/), але найбольш часта - мастацкія, у тым ліку паэтычныя.

   Вось некалькі афарызмаў з твораў беларускіх пісьменнікаў: "Дум не скуеш ланцугамі" (Янка Купала), "Хваробы лечаць і атрутамі" (Максім Багдановіч), "Кожны чалавек - гэта цэлы свет", "Дзе прайшло маленства., там пачынаецца Радзіма (Кузьма Чорны), "Лес не сякуць языкамі" (Кандрат Крапіва), "Неспакой не лечыць адзінота, адзіноту лечыць неспакой", "Зямля - не процілегласць акіяна, яна - яго каменная пасцель" (Аркадзь Куляшоў).

   Да афарызмаў блізкія крылатыя словы, якія вобразна вызначаюць нейкую жыццёвую з'яву, даюць ёй эмацыянальна-экспрэсіўную ацэнку. Аднак калі афарызм - гэта цэлае меркаванне пра што-небудзь, крылатае слова - толькі частка меркавання: "Будзем сеяць, беларусы" (Пятрусь Броўка), "Плячысты на жывот" (Кандрат Крапіва) і г. д. Афарызмы выступаюць часам і як самастойны літаратурны жанр. Сярод аўтараў, што працуюць у гэтым жанры, вядомыя П. Шыбут, Марцін Коўзкі і інш.

   Лепшыя афарызмы беларускіх пісьменнікаў сабраны ў кнігах Ф. Янкоўскага "Крылатыя словы і афарызмы"(1960) і А. Леванюк "Час, жыццё, людзі... Беларускі літаратурны афарызм" (2001).