Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Асананс

Кнопка отправить на печать

   Асананс (ад франц. assonance — сугучнасць)
   1. Прадвызначанае пэўнымі мастацкімі задачамі паўтарэнне ў вершаванай мове аднолькавых або падобных галосных гукаў.
   Як і алітэрацыя, асананс дапамагае падкрэсліць асобныя словы, узмацніць інтанацыйна-гукавую выразнасць верша, надаць яму асаблівую мілагучнасць. Напрыклад, у першай страфе верша Янкі Купалы «Дзве сястры» сустракаем выразны асананс на і, ы:

 

    На тутэйшай зямлі
    Дзве сястрыцы жылі,

Як забытыя ў лесе каліны,

    Жыватворных крыніц
    Не было для сястрыц,—

Яны вялі і сохлі націнай.


   Далейшы паэтычны расказ пра дзвюх сясцёр таксама вельмі тонка інструментаваны, прычым «гукавы партрэт» сялянкі тут адзін (асананс на я, а: «Аж да восені сілы губляла... Кужаль прала, снавала і ткала»), а рабочай — другі ( асананс на о: «А другой з году ў год Выядаў, як той крот, Дым фабрычны дзявочыя вочы»);


   2. Від недакладнай рыфмы, у якой супадаюць толькі галосныя гукі.
   Шырока выкарыстоўваецца ў фальклоры:

Бела, свашачка, бела,
Як на моры пена.


Не хіляйся, вольха,
Бо мне жыці горка,
Не хіляйся, сосна,
Бо мне жыці тошна.


   Часам сугучнасць, заснаваная на падабенстве галосных гукаў, узмацняецца супадзеннем некаторых пераднаціскных і паслянаціскных зычных (узмоцнены асананс), як, напрыклад, у рыфме сосна — тошна, дзе, акрамя галосных, супадае і зычны н, а таксама ў рыфмах тыпу зоркі — звонкі, попел — ухопім, стукнуў — сукню і г. д.
   Асанансная рыфма (у гэтым значэнні ўжываецца і такі тэрмін) набыла шырокае распаўсюджанне ў сучаснай паэзіі, прычым часцей за ўсё выкарыстоўваюцца ўзмоцненыя асанансы, хоць сустракаюцца і звычайныя:

 

Не спакушай нас высокай песняй
Гэтак рана, Галактыка.
Як валуны неачэсаныя —
У нас цяжкія характары.
(Пімен Панчанка.
«За вогненнымі вякамі»)

Мой дарагі адміністратар
з гасцініцы пад назвай «Сож»,
ноч для мяне была не стратай,
была знаходкай гэта ноч.
(Анатоль Вярцінскі. «Начны бераг»)