Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Антычнае (метрычнае) вершаванне

   Антычнае, або метрычнае, вершаванне - сістэма вершавання, заснаваная на раўнамерным чаргаванні доўгіх і кароткіх складоў у вершаваных радках. Узнікла ў VІІІ ст. да н. э. у Старажытнай Грэцыі, у ІІІ ст. да н. э. перайшла ў Рым. Шырокае развіццё атрымала ў антычнай літаратуры (адсюль і назва). Гэта сістэма магла і можа ўжывацца толькі ў мовах, у якіх галосныя адрозніваюцца па працягласці гучання. Да такіх моў, апрача старажытнагрэцкай і ранняй латыні, адносяцца арабская, персідская, сербахарвацкая, славацкая і большасць індыйскіх моў. Антычнае вершаванне ўзнікла і развівалася ў еднасці з мелодыяй; антычны паэт выступаў у дзвюх асобах - і як складальнік вершаў, і як спявак, іх музычны інтэрпрэтатар. Асноўнай рытмічнай адзінкай антычнага вершавання з'яўлялася стапа, у якой у належнай паслядоўнасці ядналіся доўгія (/) і кароткія (-) склады. Адзінка часу, неабходная для вымаўлення аднаго кароткага складу, называлася морай. У доўгім складзе былі дзве моры. Раўнамернае чаргаванне пэўных стопаў стварала выразны метрычны малюнак, або метр; паўтарэнне той ці іншай колькасці стопаў, аднолькавых па працягласці гучання, утварала памер вершаваны. У антычным вершаванні было 28 розных стопаў і дзесяткі памераў. Найчасцей сустракаліся ямб (двухскладовая стапа з кароткім і доўгім складамі), харэй (двухскладовая стапа з доўгім і кароткім складамі), спандэй (двухскладовая стапа з двума доўгімі складамі), пірыхій (двухскладовая стапа з двума кароткімі складамі), дактыль (трохскладовая стапа з доўгім і двума кароткімі складамі), анапест (трохскладовая стапа з двума кароткімі і доўгім складамі), амфібрахій (трохскладовая стапа. у якой доўгі склад стаяў паміж кароткімі). Найбольш пашыранымі вершаванымі памерамі антычнага вершавання былі гекзаметр (шасцістопны дактыль з усечанай на адзін склад шостай стапой) і пентаметр (вершаваны радок з двух раздзеленых цэзурай паўрадкоўяў, кожнае з якіх мела два дактылі і адзін доўгі склад). Антычнае ввершаванне не ведала рыфмы, аднак у радках строга вытрымлівалася чаргаванне аднатыпных заканчэнняў - клаўзул. Дзякуючы клаўзулам, а таксама вершаваным памерам, асобныя радкі ядналіся ў строфы. Антычнае вершаванне выпрацавала свае віды строфаў. Найбольшую вядомасць з іх набыў элегічны двуверш, у якім папераменна чаргаваліся радкі гекзаметра і пентаметра. Элегічным двувершам напісана знакамітая паэма Міколы Гусоўскага "Песня пра зубра". Вось яе пачатак на лацінскай мове:

 

In medio quedam populo spectacula Romae
Contigerant nuper forte videnda mihi.
Dum fera dimissi miscebant proelia tauri
Densa relaxantes corpore tela suo
Et magis arrecta stimulis pungentibus ira
Versabant celeres caede frequente viros...


    Імітацыю гэтага верша знаходзім. у прыватнасці. у Максіма Багдановіча:


З нізкага берагу дно акіяна вачам недаступна, -
Глуха укрыла яго сіняя цемень вады.
Але ўзбярыся ўгару на вяршыню прыбрэжнай страмніны, -
Кожны каменьчык на дне, пэўна. пабачыш ты стуль.

 

   Не меншае пашырэнне ў антычным вершаванні набыў александрыйскі верш.
   Часам здаралася, што ў вершаваных радках чаргаваліся ў строгай паслядоўнасці роўныя па характару стопы. Такія вершы называліся лагаэдамі. Надзвычай багатая, тэарэтычна распрацаванае антычнае вершаванне аказала велізарны ўплыў на ўсю еўрапейскую паэзію. Яно значна актывізавала развіццё народаў свету, падаравала большую частку вершазнаўчай тэрміналогіі. Сілаба-танічная сістэма вершавання пераняла ў антычнага вершавання, у прыватнасці, прынцыпы метрычнай арганізацыі стапы, вершаванага радка і страфы, паставіўшы толькі на месца доўгіх складоў – націскныя, на месца кароткіх - ненаціскныя. З антычнага вершавання былі запазычаны структурныя асаблівасці і назвы некаторых памераў (гекзаметр, пентаметр), строфаў (элегічны двуверш), жанраў і г. д. У беларускай сярэдневяковай паэзіі на лацінскай мове антычнае вершаванне знайшло прамое прымяненне. Ім карысталіся такія беларускія паэты-лаціністы, як Мікола Гусоўскі, Ян з Вісліцы, І. Іяўлевіч і інш. Антычным вершаваннем напісана славутая паэма Міколы Гусоўскага "Песня пра зубра" (1523). Што да спробаў Л. Зізанія і Мялеція Сматрыцкага прывіць антычнае вершаванне старабеларускай мове, то поспеху гэта не мела.

Похожие статьи:

ККвалітатыўнае вершаванне

ККвантытатыўнае вершаванне

ССілабічнае вершаванне

ННароднае вершаванне

ВВершаванне (вершаскладанне)