Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Анжамбеман

Кнопка отправить на печать

   Анжамбеман (ад фр. enjamber – пераступаць, пераскокваць) – стылістычны прыём, пры якім сінтаксічна цэласнае словазлучэнне, пачатак якога знаходзіцца ў адным вершаваным радку, заканчваецца ў наступным. Анжамбеман заснаваны на несупадзенні рытмічнай міжрадковай паўзы з сэнсавай паўзай. На словазлучэнне, раздзеленае міжрадковай паўзай, звяртаецца асаблівая ўвага, а сама міжрадковая паўза набывае выразны экспрэсіўны характар, падкрэсліваючы словы, што стаяць перад ёй і – асабліва – за ёй. Анжамбеман дапамагае  стварыць размоўную інтанацыю, перадаць эмацыянальную напружанасць маўлення, падкрэсліць галоўную думку.
   Існуюць наступныя разнавіднасці анжамбеману: радковы, строфны і складовы. Пры радковым анжамбемане сінтаксічна цэласнае словазлучэнне можа запаўняць поўнасцю суседнія вершаваныя радкі або займаць першы радок і заканчвацца ў пачатку другога:

 

Шлях ціснецца паміж стваламі,
Каб ведаў кожны без прынук –
Наш лёс,
як дол,
прарос вузламі
Сялянскіх спрацаваных рук.
(С. Законнікаў. Дарога ў Альбуць).


   Пры радковым анжамбемане адзін радок можа заканчвацца злучнікам ці прыназоўнікам, а словы, да якіх яны адносяцца, пачынаюць наступны радок:

Творчасць – гэта вечны сыход упрочкі ад
тых, каго любіш.
(А. Белая. Творчасць – гэта вечны сыход упрочкі ад).

Зноў хмара злуецца, зноў, мусіць, з тугі
Кідае свае бліскавіцы,
Рассунуць хацела б яна берагі,
Хацела б
Краямі ўмясціцца.

I не ўпершыню з непакоем былым
Удаль адплывае без згадкі.
А следам за ёй.
Як за лёсам сваім,
Спяшаюцца воблакаў статкі.

Глядзяцца - адбітыя ў завадзяў шкле –
З нябёс у люстраную плошчу,
Красу сваю бачаць, блакіт свій,
Але
З воблакам тым не зайздрошчу.
(Аркадзь Куляшоў.

Плыла, цалавалася хмара з зямлёй...).


   Строфны анжамбеман прадугледжвае перанос сінтаксічна цэлага словазлучэння на іншую страфу, прычым міжстрофная паўза па працягласці крыху большая за міжрадковую:

Не думай, што дзеля славы
Я песні свае пяю.
Паэзіі па праву
Поўнасцю аддаю

Сябе. Не заслоняць спіны
Яе ад мяне назаўжды,
Бо я без яе, як спінінг
Без сіняй рачной вады.
(А. Сербантовіч. Не думай, што дзеля славы...).


   Пры складовым нжамбемане міжрадковая паўза дзеліць на часткі не словазлучэнне, а слова:

 

I з ахвотаю, са скрыпам
Стаў узнімацца шлаг-
баум
. Шафёр прыспешваў крыкам
I крануўся ў шлях.
(Анатоль Вярцінскі. Здарэнне ля шлагбаума).