Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Амонімы

Кнопка отправить на печать

   Амонімы (ад грэч. homos — аднолькавы і onyma — імя) — словы, якія гучаць аднолькава, але маюць рознае значэнне: поліс — дакумент аб страхаванні; поліс — горад-дзяржава з асобай формай сацыяльна-эканамічнага і палітычнага жыцця.
   З'ява аманіміі вельмі распаўсюджаная, ахоплівае ўсе бакі мовы — лексіку, словаўтварэнне, граматыку. У навуковай літаратуры вылучаюць уласна амонімы (лексічныя — поўныя ці няпоўныя, сінтаксічныя) амафоны, амографы і амаформы.
   Поўныя лексічныя амонімы — гэта словы адной часціны мовы, якія супадаюць ва ўсіх граматычных формах гучаннем і напісаннем, але зусім розныя па значэнні: каса - прылада працы; каса - від прычоскі.
   Няпоўныя лексічныя амонімы адрозніваюцца ад поўных тым, што супадаюць гучаннем і напісаннем не ва ўсіх граматычных формах: бокс — від спорту; бокс — асобная палата ў бальніцы. У першым значэнні назоўнік бокс не мае формы множнага ліку.
   Сінтаксічныя амонімы — словы, якія поўнасцю супадаюць гучаннем і на-пісаннем, але адносяцца да розных часцін мовы і, адпаведна, выконваюць у сказе розныя сінтаксічныя функцыі: Добра (прыслоўе) адкармілася мядзведзіца за лета і восень (Васіль Вітка); Добра (безасабова-прэдыкатыўнае слова) было ў лесе, поўным птушыных галасоў (Iван Мележ).
   Амафоны (фанетычныя амонімы) — словы, якія гучаць аднолькава, а пішуцца па-рознаму: казка — каска; грыб — грып, Колас — колас.
   Амографы (графічныя амонімы) — словы, якія пішуцца аднолькава, а вымаўляюцца па-рознаму; каса — каса; галіна — галіна.
   Амаформы (марфалагічныя амонімы) — словы адной (радзей) ці розных (часцей) часцін мовы, якія супадаюць гучаннем і напісаннем толькі ў асобных граматычных формах: лячу (першая асоба адзіночнага ліку ад дзеясловаў ляцець і лячыць); тры (лічэбнік, дзеяслоў загаднага ладу); вусны (назоўнік і прыметнік).
   На амонімах будуюцца загадкі, напрыклад: Тры цяляці — колькі ног? (Адказ: Колькі ні тры — застанецца чатыры).
   Міжмоўныя амонімы — словы і выразы, якія ў зразумелых для чытача мовах(напрыклад, беларускай і рускай, беларускай і польскай, беларускай і ўкраінскай) гучаць аднолькава, але маюць розны сэнс ці стылістычную афарбоўку.
   Калісьці Максім Багдановіч, гаворачы пра розніцу паміж беларускай і рускай мовамі, падабраў цэлы шэраг такіх слоў-амонімаў (качка — качка, гуляць — гулять, плот — плот і інш.). Янка Купала ў «Тутэйшых» польска-беларуска-рускую міжмоўную аманімію (donosiciel — даносчык — доносчик) выкарыстаў дзеля сюжэтнага завастрэння трагікамедыі. Часам выдаюцца слоўнікі міжмоўных амонімаў і паронімаў.