Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by ці на сайце oz.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



«Цвяток радзімы васілька»

Кнопка отправить на печать

   Гэты прыгожы двухпавярховы дом у цэнтры Траецкага прадмесця ў Мінску ведаюць многія. У доме знаходзіцца Літаратурны музей Максіма Багдановіча. У падобным двухпавярховым доме больш за сто дваццаць гадоў таму нарадзіўся Максім...
   У пасляваенны час навукоўцы адшукалі нямала матэрыялаў пра жыццё і творчасць паэта. Пазней сваякі перадалі музею шматлікія прадметы, розныя дакументы, лісты, фотаздымкі.
   Матэрыялы паступова назапашваліся. З часам у Мінску быў створаны Літаратурны музей Багдановіча. Сёння экспазіцыі музея наладжаны так, што кожны наведвальнік нібы сустракаецца з самім Багдановічам. Праводзяцца тэматычныя экскурсіі, прысвечаныя інтымнай, пейзажнай лірыцы, экскурсія "Багдановіч і сучаснасць".
   У музеі часта праходзяць літаратурныя вечары. Многія паэты лічаць за гонар прэзентаваць свае новыя кнігі менавіта ў доме Максіма. Тым самым яны быццам трымаюць творчы экзамен перад класікам беларускай літаратуры. А здаць гэты экзамен могуць толькі самыя таленавітыя.
   Беларускі народ памятае свайго славутага сына. Штогод збірае прыхільнікаў таленту Багдановіча свята паэзіі і песні ў Ракуцёўшчыне. Праводзяцца навуковыя канферэнцыі, прысвечаныя творчасці Багдановіча. На іх збіраюцца як знакамітыя вучоныя, так і тыя, хто робіць у літаратуры першыя крокі. Памятаюць пра Багдановіча і ў Яраслаўлі, дзе ён скончыў гімназію. У Яраслаўлі таксама адкрыты музей паэта. Імем класіка беларускай літаратуры названы вуліцы ў Мінску, Гродне, Віцебску, Гомелі, Брэсце, Магілёве.
   Сёння Багдановіч гучыць на англійскай, балгарскай, венгерскай, грузінскай, казахскай і іншых мовах. Першы зборнік Багдановіча на рускай мове з’явіўся яшчэ ў 1940 годзе. З таго часу на рускай мове выйшла некалькі кніг Багдановіча. На ўкраінскай мове "Вянок" з’явіўся ў дваццатыя гады XX стагоддзя. Максіму Багдановічу прысвечаны дакументальныя фільмы, плакаты, паштоўкі, значкі.
   Яшчэ адзін горад памятае Багдановіча – гэта Ялта. У гэтым горадзе лячыўся і адпачываў паэт. Двухпавярховы дом, дзе жыў Максім, знаходзіцца на вуліцы, якая названа яго іменем. А вось і помнік яму. Засяроджаны, нібы жывы, стаіць паэт на высокім пастаменце з кнігай у руках. Зразумела, са сваім неўміручым "Вянком". Сваю адзіную прыжыццёвую кнігу ён трымае ў левай руцэ, прыціскае яе да сэрца. Позірк паэта скіраваны ў будучыню. Застаецца ўражанне, што паэт думае пра Радзіму, пра Беларусь, якая дачакалася "залацістага яснага дня".
   Калі глядзіш на гэты помнік, адразу ўспамінаеш іншы, устаноўлены ля будынка тэатра оперы і балета. Максім Багдановіч стаіць, склаўшы на грудзях рукі. У руцэ – "цвяток радзімы васілька". Гэтая сціплая кветка даўно ўспрымаецца як сімвал яго творчасці. Сам Багдановіч – той васілёк, які ўзгадаваўся на чужой зямлі і не засох. Выжыў, каб вярнуцца на радзіму. Зразумеў, што няма лепшай зямлі, чым родная.
   Глыбокі сэнс набывае выказванне народнага пісьменніка Івана Навуменкі, які пісаў, што зорка Максіма Багдановіча на беларускім паэтычным небасхіле з’явілася невыпадкова. Яна павінна была з’явіцца. Без Багдановіча наша літаратура страціла б многае. Паэт прывіў беларускай літаратуры пачуццё гонару за свой народ, за яго гісторыю, культуру. Багдановіч вялікі і тым, што з-пад яго пяра выходзілі вершы з глыбокім філасофскім падтэкстам. Яны прымушалі задумацца пра сэнс жыцця, пра мінулае і будучае. Максім Багдановіч жыве і сёння. I будзе жыць, пакуль жывуць на зямлі беларусы.
   Багдановіч выступаў як літаратурны крытык, таленавіты перакладчык. Паэт цікавіўся традыцыямі, духоўным светам свайго народа. Ён адкрываў беларусам Беларусь. Пачуццём гонару за свой народ прасякнуты публіцыстычныя творы Багдановіча. Ён пісаў: "Мы – вялікі народ. Гэта наш край, наша старонка".
   Заслуга Багдановіча ў тым, што ён смела ўводзіў беларускую паэзію ў еўрапейскі кантэкст. Да яго ў беларускай літаратуры развіваліся толькі традыцыйныя жанры, адсутнічалі складаныя паэтычныя формы. Праціўнікі беларускай мовы сцвярджалі, што яна мужыцкая, не прыдатная для высокай літаратуры. Багдановіч даказаў сваімі творамі, што беларуская літаратура мае права "еўрапейскай звацца". Паэт уводзіў у шырокі ўжытак вершаваныя формы, якія беларускаму чытачу былі невядомы.
   Вершы Багдановіча і сёння годна гучаць у еўрапейскім і сусветным кантэкстах.
(578 слоў)

Паводле А. Марцінкевіча.