Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by ці на сайце oz.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



«Рыцар» Воўка

Кнопка отправить на печать

   Новае месца працы Нінінага таты – сямігадовая школа ў Замчышчы. Дзяцей у школе шмат, бо сюды ходзяць і вучні пятых-сёмых класаў з суседніх вёсак, дзе школы толькі пачатковыя. Іван Рыгоравіч з Нінай сталі на кватэру да старой, даўно аўдавелай бабулі Хрысціны. Хата невялікая, але – на дзве палавіны, у другой, як тут гавораць, «чыстай», і пасяліўся новы настаўнік. Баба Хрысціна – цётка негаваркая, норавам – строгая, любіць парадак, каб усё было дагледжана, прыбрана, вымыта, у яе нават мянушка не якая-небудзь крыўдная, а ганаровая – «чысцюля». Ніне чысціня і парадак падабаюцца, яе мама таксама за гэтым вельмі сачыла. Але кепска тое, што баба Хрысціна не дазваляе Ніне вадзіць у хату дзяцей. У самой яе ўнукаў няма і яна, відаць, прывыкла да спакойнага, ціхага жыцця, – калі ніхто не замінае.
   Вось і атрымалася, што з новымі сябрамі Ніна можа сустракацца для гульні-забавы толькі на вуліцы або ў хаце якой-небудзь дзяўчынкі. Можа, з гэтай прычыны, што часта даводзіцца быць дома адной, Ніна дужа ўцягнулася ў чытанне кніг. Хоць вучыцца яшчэ толькі ў другім класе, а чытае ўжо зусім бегла, хутка, і кнігі ў школьнай бібліятэцы мяняе вельмі часта.
   У тую незабыўную зіму, у самыя страшныя маразы дзеці ў школу не хадзілі: быў аб’яўлены, і надоўга, каранцін. Але настаў дзень, калі мароз крыху адваліўся, на дварэ памякчэла. I дзеці гэтай спрыяльнай акалічнасці не ўпускаюць. Вунь – бачыць Ніна праз акно – і Воўка цягне саначкі, пакоўзацца выйшаў. А саначкі ў Воўкі самыя лепшыя ў вёсцы – фабрычнай работы, на металёвых палазках. Убачыла Ніна Воўку – і так жа ёй захацелася раптам пакоўзацца на саначках! Але сваіх у яе няма – ні саначак, ні лыжаў: тата яшчэ не купіў.
   Ніна хуценька сунула ногі ў валёнкі, надзела паліто і шапку-вушанку, схапіла вязаныя рукавічкі і выбегла на вуліцу.
   – Давай я цябе паважу! – падбягаючы да Воўкі, дружалюбна прапанавала Ніна. – Давай! Аж туды – у канец вуліцы!
   Хлопчык, было бачна, крыху разгубіўся ад такой нечаканай прапановы і адказаў не адразу.
   – Ну ладна... Але толькі трохі...
   Ён усеўся на санкі, крыху падкурчыўшы ногі, а рукамі ўчапіўся за крайнія планачкі насцілу.
   Ніна уподбег пацягнула, а дзе вуліца хоць трохі ішла ўніз – дык і бегма. Дзяўчо імгненна разагрэлася, расчырванеліся шчокі, разгарэліся – ад задавальнення, ад радасці – вочы. А яшчэ і ад думкі, ад надзеі, можна нават сказаць – ад упэўненасці, што Воўка наўзамен пакатае і яе, абавязкова пакатае, ну а як жа! Спярша – яна яго, а тады – ён яе, а пасля можна і яшчэ раз памяняцца месцамі.
   Ніна пракаціла Воўку далёка за апошнія хаты, не прыпыняючыся, акуратна развярнулася, шчасліва зіркнуўшы пры гэтым на пасажыра. А са школьнага двара на вуліцу выйшаў сам дырэктар, Адам Ігнатавіч. Ніна і на яго кінула шчаслівы пагляд, сказала «добры дзень!» і трохі збянтэжылася.
   – Вова! Ты гэта што? – спытаў у здзіўленні Адам Ігнатавіч. – Не ты Ніну, а яна цябе возіць? Ну і рыцар! Хіба рыцары гэтак робяць, га?
   – Дык я... Дык гэта... яна сама... – заапраўдваўся прысаромлены «рыцар».
   – А мне зусім няцяжка! – выгукнула Ніна.
   Воўка злез з санак і тузануў з рук дзяўчынкі павадок:
   – Давай, мне ўжо трэба дадому!..
   На твары Ніны можна было ўбачыць не проста здзіўленне, а разгубленасць.
   – Воўка, – сказала, крыху заступіўшы яму дарогу, – а ты дай мне трохі пакатацца на саначках. Я адразу ж іх табе прыцягну.
   – Няможна, мама будзе сварыцца, – прагугнявіў Воўка.
   – Я ім нічога не зраблю! Я буду асцярожна, не бойся! Трохі пакатаюся і прыцягну. Дай, Воўка, ну дай!
   – Сказаў жа: няможна! – буркнуў насуплены гаспадар санак. Відаць, тое, што яго прысарамаціў дырэктар, ды не сам-насам, а пры Ніне, яму моцна сапсавала настрой і збудзіла непрыязнасць да дзяўчынкі. Што трэба быць удзячным і за дабро плаціць узаемнасцю – гэтага хлапчук яшчэ не разумеў.
   Ніне можна было ісці з Воўкам разам, у адзін жа бок, але яна не пайшла, засталася стаяць там жа, насупраць школы. Вялікая крыўда і яшчэ нешта – можа, пагарда, а можа, і злосць – затрымалі яе на месцы. Якое расчараванне і засмучэнне! Так спадзявалася і так шчыравала, з такой ахвотай і радасцю – і вось чым усё кончылася!
(638 слоў)

Паводле Н. Гілевіча.