Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by ці на сайце oz.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Разбітае сэрца

Кнопка отправить на печать

   Сваімі абрысамі возера нагадвае сэрца, і гэта надае яму загадкавасць і таямнічасць. Пасярод Глубелькі знаходзіцца маленькі астравок, а дзве сасны на ім нагадваюць стрэлы, што пранізваюць сэрца. Часта турысты, не ведаючы, якое імя носіць возера, называюць яго даволі вобразна – «разбітае сэрца». Між тым незвычайнасць Глубелькі і нарадзіла розныя легенды. Вось адна з іх.
   Жыў некалі ў гэтых мясцінах багаты і злы пан. Яго сквапнасць не ведала межаў, прыбіраў ён да сваіх рук усё, што толькі мог. Ён не разумеў, не адчуваў знешняй прыгажосці, дзеля карысці забіваў дзікага звера, птушку, без патрэбы лавіў рыбу.
   У пана была падчарка Люба, добрая душой, прыгожая з твару. Яна засталася без маці і расла з айчымам. Дзяўчына вельмі любіла прыроду, сярод якой расла і гадавалася. Можа, любіла яшчэ і таму, што толькі ў лесе ці на беразе возера, сцішыўшыся ў адзіноце, яна знаходзіла ціхую радасць, адпачывала ад цяжкіх дамашніх умоў, ад злога айчыма. Толькі адзін чалавек разумеў яе – хлопец з гэтай жа вёскі, які жыў у старэнькай хатцы з хворай матуляй.
   Маладыя людзі пакахалі адзін аднаго, часта тайна сустракаліся на беразе возера. Хлопец ласкава гаварыў дзяўчыне: «Любелька мая, я так хачу, каб мы былі разам заўсёды». «I будзем, – адказвала дзяўчына. – Хто ж можа разлучыць нашы сэрцы, калі яны належаць адно аднаму?»
   Але даведаўся пра гэтыя сустрэчы злы айчым, вельмі раззлаваўся ён і аддаў хлопца ў рэкруты. А падчарку вырашыў аддаць замуж за сына багатага пана-суседа.
   Пасля таго, як памерла маці каханага Любы, зямлю, на якой стаяла хаціна, пан прыбраў да сваіх рук. Хатку знёс, усю зямлю пераараў, так што ад жылля і следу не засталося, а падчарцы сказаў: «Усё, забудзься на гэтага бедняка. Няхай ходзіць у салдатах, і яшчэ невядома, чым закончыцца для яго служба. Можа, і не вернецца ніколі сюды. А калі вернецца – тут ні кала ні двара, няхай ідзе на ўсе чатыры бакі. Ты ж рыхтуйся замуж».
   Не захацела дзяўчына выходзіць замуж за нялюбага. Што ні рабіў айчым – угаворваў, караў, запіраў на некалькі дзён у маленькім пакойчыку – падчарка не скарылася. Азвярэў зусім айчым і сказаў, што без яе згоды выдасць яе замуж за багатага. Вырашыла тады дзяўчына ўцячы з дому. Але айчым загадаў слугам вельмі пільна сачыць за Любай. I ўсё-такі аднойчы выбрала яна зручны момант і пабегла ў лес. Слугі з айчымам кінуліся ўслед. Бяжыць бедная дзяўчына па лесе, а нейкая невядомая сіла цягне яе да возера. Выбегла яна на бераг возера, а пагоня ўжо зусім блізка. Што рабіць? Спынілася Люба на нейкае імгненне на тым самым месцы, дзе сустракалася са сваім любым, як быццам развітвалася і з ім, і са сваёй першай дзявочай радасцю.
   I кінулася дзяўчына ў возера. Адплыла ад берага на глыбокае месца, пачала ўжо тануць, ды раптам здарылася неверагоднае: побач з дзяўчынай з вады паявіўся маленькі астравок. Узабралася дзяўчына на астравок, і ён тут жа знік пад вадой.
   Здзіўленая пагоня стаяла на беразе і не верыла ў тое, што пабачыла. Вярнуліся дамоў, а пагалоска пра цудоўную з’яву на возеры хутка разнеслася па наваколлі. Праз нейкі час на возеры зноў паявіўся маленькі астравок, пасля на ім выраслі дзве сасны, як стрэлы, што пранізваюць сэрца.
   Такая легенда пра возера Глубелька, што на Браслаўшчыне, жыве ў гэтых краях.
(519 слоў)

Паводле М. Шыманскага.