Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by ці на сайце oz.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



«Мінск-арэна»

Кнопка отправить на печать

   Культурна-спартыўны комплекс "Мінск-арэна" – адно з самых сучасных шматфункцыянальных збудаванняў у Еўропе. Комплекс уключае чатыры асноўныя будынкі: арэну (пятнаццаць тысяч месцаў), веладром (дзве тысячы месцаў), канькабежны стадыён (тры тысячы месцаў) і шматузроўневую аўтастаянку.
   Узвядзенне "Мінск-арэны" пачалося вясной 2006 года, а ўрачыстае адкрыццё адбылося 30 студзеня 2010 года ў рамках Матча зорак Кантынентальнай хакейнай лігі.
   Па складанасці тэхнічнага абсталявання "Мінск-арэна" не мае аналагаў у краіне. Вышыня будынка арэны складае трыццаць пяць метраў. Дах зроблены па сучаснай французскай тэхналогіі, упершыню рэалізаванай у Беларусі. Ён трымаецца на тросах, нацягнутых па ўсім перыметры. Літаральна на кожным квадратным сантыметры ўстаноўлены датчыкі, і круглыя суткі вядзецца назіранне за зменай нацяжэння тросаў.
   Частка трыбун ніжняга яруса націсканнем адной кнопкі трансфармуецца разам з сядзеннямі і хаваецца пад бетонныя прыступкі. Гэта неабходна для стварэння дадатковай прасторы пад танцпляцоўку, устаноўкі сцэны, правядзення канцэртаў, спартыўных і эстрадных шоу.
   На верхнім ярусе размешчаны каментатарскія кабіны, крыху ніжэй –ложы, здольныя прыняць на самым высокім узроўні да сямісот гасцей.
   У цэнтры знаходзіцца хакейная каробка. Плошча лядовага поля – тысяча шэсцьсот квадратных метраў. Зала прызначана для правядзення міжнародных спаборніцтваў і арганізацыі вучэбна-трэніровачнага працэсу па дваццаці васьмі відах спорту: акрабатыцы, бадмінтоне, баскетболе, боксе, гандболе, мастацкай і спартыўнай гімнастыцы, каратэ, міні-футболе, скачках на батуце, вялікім тэнісе і іншых.
   У цэнтры даху падвешаны велізарны куб з васьмю плазменнымі экранамі, які важыць васямнаццаць тон. Яго збіралі на лёдзе і падымалі на канатах два тыдні.
   У будынку абсталяваны пяцьдзясят чатыры гардэробы, каб пятнаццаць тысяч гледачоў маглі пакінуць комплекс пасля заканчэння мерапрыемства на працягу сарака хвілін.
   Веладром – першы ў краіне крыты будынак, пабудаваны для заняткаў усімі відамі спорту. На велатрэку займаюцца толькі прафесійныя спартсмены: іх навыкі могуць гарантаваць бяспечны пракат. Тут можна развіць хуткасць да ста дзесяці кіламетраў у гадзіну.
   Цэнтральнае ядро велатрэка можа выкарыстоўвацца для заняткаў гульнявымі відамі спорту: бадмінтонам, настольным тэнісам, міні-футболам, баскетболам, валейболам. На першым паверсе знаходзяцца кафэ, касы, гардэроб, медыцынскі цэнтр. На другім паверсе – памяшканні для супрацоўнікаў, дзве трэнажорныя залы з сучасным абсталяваннем, зала харэаграфіі і ўніверсальная спартыўная зала. На трэцім паверсе абсталяваны ложы, каментатарскія кабінкі.
   Крыты канькабежны стадыён мае чатырохсотметровую дарожку. У цэнтры канькабежнага авала знаходзяцца дзве трэніровачныя хакейныя каробкі. За імі размешчаны дзве дарожкі для заняткаў кёрлінгам. Спартсмены выходзяць на лёд са звязаных з цэнтральнай арэнай падземных пераходаў.
   Таўшчыня лёду складае ўсяго чатыры сантыметры. Перад замарозкай вада праходзіць ультрафільтрацыю, пазбаўляецца ад солей. Дапамагалі заліваць лёд італьянскія спецыялісты па канадскай тэхналогіі. На стадыёне ўстаноўлена ўнікальнае абсталяванне, якое дазваляе рэгуляваць тэмпературу лёду на розных яго ўчастках. Робіцца гэта для таго, каб спартсмены, якія прадстаўляюць розныя віды спорту, маглі трэніравацца адначасова.
   У зале ўстаноўлена сістэма клімат-кантролю, што дазваляе падчас спаборніцтваў падаваць цёплае паветра да трыбун. Пад кожным сядзеннем знаходзіцца металічная сетка, праз якую паступае цёплае паветра.
   На трэцім паверсе будынка канькабежнага стадыёна знаходзяцца пакоі горнага паветра, унікальнага па сваіх тэрапеўтычных уласцівасцях. Гэта паветра ўяўляе асаблівую каштоўнасць для спартсменаў, якія маюць магчымасць трэніравацца ва ўмовах высакагор’я. Пакоі горнага паветра ўключаюць некалькі памяшканняў, абсталяваных трэнажорамі, і пакоі для адпачынку.
   Сучаснае спартыўнае абсталяванне, сцэнічны комплекс дазваляюць праводзіць на "Мінск-арэне" мерапрыемствы нацыянальнага і міжнароднага ўзроўняў, якія маюць вялікае значэнне ў спартыўным і культурным жыцці краіны.
(503 словы)

Паводле В. Марозавай.