Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by ці на сайце oz.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Якуб Колас

Кнопка отправить на печать

   Сапраўднае імя Якуба Коласа – Канстанцін Міцкевіч. Паходзіў народны паэт з сям’і лесніка. Скончыўшы Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, Канстанцін Міцкевіч працаваў настаўнікам спачатку на Піншчыне, а потым пад Мінскам. За ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе будучы пісьменнік пазбавіўся пасады. Пасля гэтага нейкі час працаваў у газеце «Наша Ніва», у прыватнай школе, але за нелегальную дзейнасць быў асуджаны царскім судом на тры гады зняволення.
   Вярнуўшыся на волю, Міцкевіч пэўны час выкладаў у Пінскім прыходскім вучылішчы, скончыў у Маскве Аляксандраўскае вайсковае вучылішча. У званні прапаршчыка трапіў на фронт Першай сусветнай вайны і на працягу двух месяцаў ваяваў на Румынскім фронце. На той час ён быў ужо вядомым беларускім літаратарам.
   Пісаць вершы Якуб Колас пачаў вельмі рана, прычым спачатку па-руску. Дэбют адбыўся ў верасні 1906 года ў першай легальнай беларускай газеце «Наша Доля», якая змясціла верш «Наш родны край». Следам выйшаў паэтычны зборнік «Песні жальбы». Коласава паэзія арганічна спалучыла лірыку і эпас. Героі яго вершаў – простыя людзі. Колас піша пераважна пра вясковае жыццё з яго цяжкімі клопатамі і сціплымі радасцямі.
   Плённымі былі ў жыцці Якуба Коласа і дваццатыя гады, калі беларуская інтэлігенцыя шчыра паверыла ў магчымасць нацыянальнага адраджэння. Менавіта тым часам разам з паэмамі, зборнікамі вершаў і апавяданняў выходзяць у свет аповесці «У палескай глушы» і «У глыбі Палесся», заснаваныя на аўтабіяграфічным матэрыяле. Гэтыя буйныя празаічныя творы сталі першай і другой часткамі скончанай ужо пасля Другой сусветнай вайны трылогіі «На ростанях». Галоўны герой трылогіі настаўнік Андрэй Лабановіч – гэта вобраз тыповага беларускага інтэлігента, які жыў марамі пра справядлівае жыццё. Пяру Якуба Коласа таксама належаць вядомая аповесць «Дрыгва», шэраг п’ес і публіцыстычных твораў. У Другую сусветную вайну галоўнай тэмай творчасці пісьменніка стала барацьба з гітлераўскімі захопнікамі.
   Праявіў сябе Канстанцін Міцкевіч і ў галіне педагогікі. Ён аўтар шырокавядомых кніг «Другое чытанне для дзяцей-беларусаў» і «Методыка роднае мовы». Пераклады твораў А. Пушкіна, Т. Шаўчэнкі, А. Міцкевіча, зробленыя пісьменнікам, вызначаюцца высокім мастацкім узроўнем. У дадатак на працягу ўсяго свайго жыцця Колас актыўна займаўся навуковай і грамадска-палітычнай дзейнасцю.
   Якуб Колас па праву лічыцца адным з заснавальнікаў нашага сучаснага прыгожага пісьменства і беларускай літаратурнай мовы, пачынальнікам беларускай мастацкай прозы.
(339 слоў)

Паводле У. Бутрамеева.