Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Рагвалод і Рагнеда

   Першым полацкім князем, пра якога захаваліся летапісныя звесткі, быў Рагвалод. Князь меў моцную дружыну, якая абараняла Полацк. З яе дапамогай Рагвалод падпарадкаваў сабе суседнія землі. Паводле легенды, ён паслаў свайго брата Тура на поўдзень, і той заснаваў на рацэ Прыпяць горад-крэпасць Тураў і стаў першым тураўскім князем. Гэта яшчэ больш умацавала Полацкае княства.
   Рагвалод быў мужны і разумны кіраўнік. Ён хацеў аб’яднаць плямёны, што жылі на Дзвіне, Дняпры і Прыпяці. Пры Рагвалодзе Полацкае княства стала адным з моцных сярод славянскіх княстваў, а Полацк – адным са знакамітых гарадоў таго часу побач з Кіевам на поўдні, дзе княжыў Яраполк, і Ноўгарадам на поўначы, дзе князем быў яго брат Уладзімір. Не ладзілі між сабою браты, бо кожнаму з іх хацелася стаць галоўным князем. I Яраполк, і Уладзімір хацелі перацягнуць на свой бок полацкага князя і спадзяваліся на яго дапамогу.
   У Рагвалода былі два сыны і дачка Рагнеда. Слава пра яе прыгажосць дайшла і да Ноўгарада, і да Кіева. Уладзімір паслаў у Полацк сватоў, і кіеўскі Яраполк таксама хацеў узяць яе за жонку. Рагвалод не стаў прымушаць Рагнеду і дазволіў ёй самой выбраць мужа. Гордая палачанка адмовіла паслам Уладзіміра, аддаўшы перавагу Яраполку. Атрымаўшы адмову, Уладзімір сабраў вялізнае войска і пайшоў на Полацк. Штурм цягнуўся некалькі дзён. Палачане што ёсць сілы баранілі родны горад. Але сілы былі няроўныя; у баі загінулі адважны Рагвалод і абодва яго сыны.
   Князёўну Рагнеду Уладзімір сілаю прымусіў пайсці за яго. Заступіцца за яе не было каму, і ёй давялося стаць жонкай ненавіснага забойцы сваіх родных. А Уладзімір, каб яна заўсёды помніла пра паражэнне Полацка, даў ёй другое імя – Гарыслава.
   Уладзімір заваяваў свайго брата Яраполка і стаў княжыць у Кіеве. У Рагнеды нарадзілася некалькі сыноў і дачок, і старэйшым быў Ізяслаў. Калі Уладзімір правёў хрышчэнне Русі, то па хрысціянскіх законах яму забаранялася мнагажонства, бо да гэтага часу ён ажаніўся з сястрою візантыйскага імператара. Калі Уладзімір заснуў, Рагнеда намерылася забіць яго. Аднак яе напаткала няўдача: Уладзімір прачнуўся, і яна прамахнулася. Князь загадаў апрануць ёй самае прыгожае адзенне, у якім яна хоча памерці, сесці на ложа і чакаць смерці, а сам пайшоў па меч. На шум прыбег Ізяслаў, і калі Уладзімір увайшоў, каб пакараць Рагнеду, сын аклікнуў яго:
   – Бацька, ты тут не адзін!
   Уладзімір убачыў у руках сына аголены меч, сумеўся і не крануў Рагнеду. Сабраўшы баяраў, князь расказаў ім пра тое, што здарылася. Баяры параілі яму адпусціць Рагнеду з дзецьмі на радзіму – у Полацкае княства. Але Полацк быў разбураны, таму Уладзімір загадаў пабудаваць для сваёй былой жонкі новы горад і назваў яго імем сына, які ўратаваў яе ад смерці, – Ізяслаўлем. Цяпер гэта горад Заслаўе.
   Праз нейкі час Рагнеда прыняла хрысціянства і заснавала каля Ізяслаўля першы на беларускай зямлі манастыр. Прыняўшы хрысціянскае імя Анастасія, яна жыла ў манастыры да канца сваіх дзён, пакінуўшы пра сябе памяць гордай і свабодалюбівай князёўны-палачанкі.

(457 слоў)

Паводле У. Бутрамеева

 

Похожие статьи:

ІншаеУладзімір Бутрамееў - Славутая дачка Полацкай зямлі

Алесь РазанаўАлесь Разанаў - Рагнеда

Вацлаў ЛастоўскіВацлаў Ластоўскі - Князёўна Рагнеда

ІншаеУладзімір Бутрамееў - Страсці па Аўдзею

Пераказы, дыктантыРагвалод і Рагнеда