Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by ці на сайце oz.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Падарожнік па Сусвеце

Кнопка отправить на печать

   Мастака Язэпа Драздовіча можна назваць першым беларускім касманаўтам. Калі школьны настаўнік Цыялкоўскі толькі пачынаў рабіць праекты касмічных караблёў, летуценны мастак з засценка Пунькі на Віленшчыне ўжо пісаў дзівосныя касмічныя краявіды. Ён дэталёва апісваў знешнасць жыхароў Месяца, Венеры, Сатурна, расліны на далёкіх планетах, маляваў экзатычныя пейзажы.
   У падарожжы на іншыя планеты Язэп Драздовіч занатоўваў «убачанае» без асаблівага здзіўлення, нібы апісваў суседскі падворак. Пісаў пра тое, што на Месяцы шмат вадаспадаў, астравоў, на Марсе – роўная сцяна скал з вокнамі, адкуль даносяцца меладычныя гукі...
   Як важна для мастака быць упэўненым у сваім бачанні Сусвету! На жаль, сам Язэп Драздовіч не меў магчымасці нават паглядзець у тэлескоп: уваход у абсерваторыю Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя быў платным, а мастаку часам не было за што здаць паліто ў гардэроб.
   Зорнае неба над намі. Чым яно вабіць чалавека? Якую сілу мае над ім? Язэп Драздовіч у спасціжэнні космасу кіраваўся інтуіцыяй, узыходзіў на свае арбіты ў снах. Да рэчаіснасці мастака вяртаў клопат пра хлеб штодзённы. Вярталі замкі і гарадзішчы, якія ён замалёўваў для нашчадкаў. Вярталі насмешкі сяброў і знаёмых, якія захапленне мастака лічылі дзівацтвам.
   Калі не было за што купіць фарбаў і палатна, ён браў у рукі пяро і з натхненнем пісаў пра космас. У 1932 годзе Язэп Драздовіч закончыў навуковую працу пра паходжанне планет, паслаў яе ў Мінск, у Акадэмію навук. Але адказу так і не атрымаў. Пройдзе семдзесят шэсць гадоў, і ў цэнтры Еўропы пабудуюць вялікі калайдар з той самай мэтаю – каб даведацца, як утварылася Сонечная сістэма.
   Ад прыроды летуценнік, Язэп Драздовіч умеў прынесці людзям і практычную карысць. Ён аздобіў вокладку першай кнігі Канстанцыі Буйло «Курганная кветка». Для Віленскай беларускай гімназіі намаляваў першы ў гісторыі жывапісны партрэт Францыска Скарыны. Па просьбе землякоў распісаў сталовую ў мястэчку Лужкі. Людзі абедалі, а вока ім цешылі яркапёрыя птушкі, якія, нібы ў вырай, прыляцелі на нашу планету з Марса ці Венеры. Для прыдарожных каплічак Драздовіч рабіў драўляныя фігуры Божай Маці, святых і анёлаў. Нягледзячы на цяжкае матэрыяльнае становішча, мастак ішоў ад вёскі да вёскі, ад мястэчка да мястэчка і рабіў сваю працу дзеля людзей.
   Язэп Драздовіч увасобіў у выяўленчым мастацтве Беларусь, яе культуру і гісторыю. Шэраг работ ён прысвяціў замкаваму дойлідству Беларусі і Літвы: «Мір», «Крэва», «Ліда», «Гальшаны»... Мастак стварыў партрэты полацкіх і смаленскіх князёў, славутых гістарычных асоб, пісьменнікаў.
   Адвечны спакой пануе на касмічных палотнах Язэпа Драздовіча. I моры там не ведаюць штормаў, і сады зацішныя, і кактусы стаяць нерухома, як мармуровыя калоны. А на зямлі яго любімая стыхія – вецер. На графічным малюнку «Святар-мудрэц» прысутнасць ветру адчуваецца ва ўсім: у валасах старога, у яго адзенні, у тоўстай кнізе, якой не церпіцца хутчэй гартацца, у прыгнутых вершалінах дрэў.
   У няпоўных шэсцьдзясят шэсць гадоў Язэп Драздовіч захварэў. Памёр ён у 1954 годзе, спачувальна прамовіўшы да сваіх землякоў: «Вы пра мяне яшчэ згадаеце...»
   Праз тры гады пасля смерці мастака ўзляцеў на каляземную арбіту першы штучны спадарожнік. Праз сем гадоў свет вітаў першага касманаўта – Юрыя Гагарына са Смаленшчыны. Праз дзевятнаццаць гадоў у космасе пабываў Пётр Клімук з Брэстчыны. Праз дваццаць тры гады нашай блакітнай планетай любаваўся з касмічных вышыняў Уладзімір Кавалёнак, які нарадзіўся на Міншчыне. Усе яны па-свойму расказалі пра ўбачанае. А Клімук нават напісаў захапляльную кнігу «Зоры – побач», якой падлеткі зачытваюцца да гэтай пары.
   Але першыя апавяданні пра космас беларусы пачулі ўсё ж ад Язэпа Драздовіча. I не толькі пачулі, але і ўбачылі незямныя краявіды, што ўяўляліся мастаку ў дзівосных снах. I таму ён назаўсёды застанецца для нас першаадкрывальнікам таямнічай касмічнай прасторы.
(563 словы)

Паводле М. Скоблы.