Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by ці на сайце oz.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Няміга

Кнопка отправить на печать

   Тысячамі блакітных ніцей перасякаюць нашу Беларусь шматлікія ручаі, рэкі, рэчкі, рачулкі. То залівіста, то ціха, то серабрыста, то гулліва пяюць яны славу беларускаму краю, ажыўляюць і аздабляюць яго воблік. Ды ёсць сярод іх адна, непаўторная, спрадвечная, летапісная, сапраўдны сімвал беларускай сталіцы. Аднак убачыць яе складана, праплысці немагчыма, а вось хадзіць па ёй можна хоць кожны дзень. Варта спусціцца з пляца Волі, як вы ўжо будзеце на вуліцы Нямізе і зможаце пачуць шапаткі голас гісторыі.
   Вучоныя і дагэтуль спрачаюцца пра тое, з якой ракой трэба звязваць пачатак летапіснага Менска – з Нямігай або з Менкай. Факт жа бітвы на Нямізе не выклікае пярэчанняў, бо пацвярджаецца і ў «Слове пра паход Ігаравы», і ў Лаўрэнцьеўскім летапісе.
   Назва Няміга больш вядомая сёння па сучаснай аднайменнай вуліцы ў Мінску. Гэта самая старажытная вуліца старадаўняга горада забудоўвалася ўздоўж ракі. Даўным-даўно яна была вымашчана драўляным насцілам, які шматразова ўтоптваўся ў балотную гразь і шматразова насцілаўся нанава, бо вуліца і рака знаходзіліся ў самым нізкім і самым забалочаным месцы. Дадаваў клопату знакаміты і вечна шумны Ніжні рынак. Тут на працягу многіх стагоддзяў людзі на практыцы ўсталёўвалі рыначныя адносіны не толькі паміж сабой, а і з далёкімі ад Менска купцамі.
   Тагачасная Няміга нагадвала знакамітую італьянскую Венецыю: менскія дамы, у асноўным драўляныя, цесна тоўпіліся на самым беразе ракі. А сама яна цякла проста пасярэдзіне вуліцы. Таму гараджан даймалі частыя затапленні і паводкі.
   У дзевятнаццатым стагоддзі на Нямізе збудавалі некалькі вадзяных млыноў, перакрылі яе плацінай. Але рака не хацела здавацца. Яе папаўнялі сцёкавыя воды, дажджы, ручаі. I тады Няміга станавілася грознай і ваяўнічай. Разам са Свіслаччу яна залівала падвалы, магазіны, склады, жылыя памяшканні, зносіла спарахнелыя дамы. Здараліся і чалавечыя ахвяры.
   Паступова на раку Нямігу наступалі новыя пабудовы, яе няшчадна засмечвалі. Ды рака бунтавала, супраціўлялася. Мінчане не адзін раз вымушаны былі ратавацца ад стыхіі праз вокны сваіх дамоў. Так і змагаліся яны бясконца – вуліца Няміга з ракой Нямігай. Ды ніхто гэтага змагання не выйграў. Усё больш драбнела рака, паступова саступаючы напорыстасці людзей. Урэшце яе вымусілі легчы ў бетонны калектар – спачатку ў 1928 годзе і канчаткова ў 1955-м. Ніхто з таго часу не чуе больш плёскату Нямігі.
   Сёння ля моста праз Свіслач у Траецкім прадмесці можна ўбачыць, як точыцца з бетоннай трубы струмень некалі слыннай, паўнаводнай і вірлівай Нямігі. Берагі яе шматразова былі крывавымі ад смяротнай сечы. Яны ўзгадавалі сённяшнюю сталіцу Беларусі.
   Толькі для цікаўных і дапытлівых дрэмле ў цэнтры нашай сталіцы летапіснае водгулле даўніх падзей. Толькі часам чуюцца тут згадкі далёкіх бітваў, калі на Нямізе снапы слалі галовамі, малацілі стальнымі іх цапамі, веялі душу ад цела.
   Аднак званы Нямігі і сёння поклічным рэхам адгукаюцца ў сэрцы кожнага неабыякавага чалавека, абуджаюць яго святое пачуццё павагі і замілавання да роднай зямлі, пачуццё, узгадаванае і выпеставанае нашай пакручастай гісторыяй, нашымі таленавітымі, апантанымі і жыццялюбнымі продкамі.
(451 слова)

Паводле А. Бутэвіча.