Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Нечаканая сустрэча

   Сябры Міця і Валерка ледзь не подбегам спяшаліся на электрычку. Яны крочылі паўз агароды, міма калгаснага саду, цераз гулкі чыгуначны мост. Абодва былі апрануты ў паношаныя вучнёўскія касцюмы, на нагах – боты. У кожнага ў руцэ па вядзерцы.
   Вось і станцыя. Жоўты домік прыткнуўся ў невялічкім цяністым парку. Электрычка, нібы алень, затрубіла ў лесе за паваротам. Цягнік мякка падкаціў да станцыі. Пасажыры замітусіліся. Забразгалі вёдры, зарыпелі кашолкі. Міця з Валеркам селі ў апошні вагон.
   Электрычка зноў затрубіла, плаўна кранулася з месца і пачала набіраць хуткасць. Міця і Валерка пазіралі ў акно. Перад вачыма мільгалі і тут жа адбягалі назад чыгуначныя будкі, домікі і сады. Затым пачаліся палі, аблогі, узгоркі, пералескі. Бетонныя слупы высакавольтных ліній то там, то тут пераступалі чыгунку і ішлі ўдалеч. З грукатам праносіліся сустрэчныя таварныя саставы.
   Вось нарэшце і станцыя Дубравы. Міця з Валеркам выйшлі з вагона, перайшлі чыгуначныя пуці і амаль адразу ж апынуліся ў лесе. Мясціны гэтыя былі ім добра знаёмы. Разам з бацькамі яны часта прыязджалі сюды ў грыбы і ягады.
   Мінуўшы лагчынку, дзе моцна пахла ігліцай, мохам і грыбамі, сябры выйшлі на вялікую прагаліну, парослую светла-зялёным чарнічнікам. На ягадніках карміліся чародкі драздоў. Спелыя ягады тут былі абабраныя, заставаліся толькі дробныя і зялёныя. На вышэйшых мясцінах траплялася многа жоўтых лісічак. Неўзабаве вёдры ў хлопцаў былі напоўнены імі амаль напалавіну. Больш лісічак сябры не бралі. А можа, баравікі трапяцца!
   Трэск сухога галля прымусіў хлопчыкаў прыслухацца. Зусім блізка пачуўся тупат, і з кустоў выйшла ласіха. Валерка хацеў нешта крыкнуць, але ад страху страціў голас.
   Ласіха стаяла як укопаная. Яна часта дыхала, запалыя бакі яе хадзілі хадуном.
   – Не бойся, – Міця паклаў руку Валерку на плячо. – Ласі на людзей не нападаюць.
   Хлопчыкі саступілі лясному жыхару дарогу і падаліся ўправа. Але не паспелі яны зрабіць і двух дзясяткаў крокаў, як ззаду зноў пачуўся тупат. Ласіха забегла ім наперад. На гэты раз хлопчыкі здагадаліся, што ў ласіхі здарылася нейкая бяда і яна просіць у іх дапамогі. Міця зрабіў да яе крок, і яна тут жа павярнула назад, пайшла ў драбналессе на высечках. Міця і Валерка рушылі следам. Так яны ішлі за ёю хвілін дзесяць. Нарэшце ласіха спынілася. Проста перад ёю, у глыбокай яме, зарослай дробнымі кустамі і ягаднікам, хлопчыкі ўбачылі маленькае мышастае ласяня. Яно тапталася на цыбатых ножках, спрабавала выбрацца, але гэта яму ніяк не ўдавалася.
   Міця з Валеркам моўчкі пераглянуліся, паставілі вёдры на зямлю і ўмомант скаціліся ў яму. Ласяня глядзела на дзяцей даверліва і нібы дапытліва.
   Ласіха ўвесь гэты час неспакойна тапталася каля ямы і не зводзіла вачэй з хлопчыкаў і малога.
   Міця і Валерка дружна падхапілі ласяня. Яно ўсё задрыжала, потым пачало часта перабіраць нагамі, чапляючыся вострымі капыцікамі за край ямы. Яшчэ намаганне – і ласяня было наверсе.
   Калі хлопчыкі вылезлі з ямы, ласіха з ласянём адышліся ўжо далёка. Маці ішла наперадзе, высока ўзняўшы прыгожую галаву. Ласяня ледзь паспявала за ёю. Раз-пораз яно штурхала маці пад бок, відаць, добра прагаладалася, седзячы ў яме.
(476 слоў)

Паводле Я. Зазекі

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыУдзячная ласіха і дзіўнае ласяня

Пераказы, дыктантыКемлівая казуля

Пераказы, дыктантыНа паляне

Пераказы, дыктантыДапамаглі

Пераказы, дыктантыЛасіха