Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by ці на сайце oz.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



На беразе з вудачкай

Кнопка отправить на печать

   Над ракою, як бы ўзіраючыся ў наваколле, ступае ціхая, светлая задума. У такія хвіліны рыбак, добра знаёмы з Сожам, памятае: трэба стаіць дыханне, бо, пакінуўшы глыбіні, пачынае ход за спажываю прыдонная рыба. Зачараваная цішынёй, яна амаль без асцярогі падыходзіць блізенька пад берагавыя травы. Паволі пасоўваецца супраць цячэння, падбіраючы прыбіты да берагоў корм. Вось у такія адвячоркі часцей за ўсё і выпадае рыбаку перажыць тое шчаслівае хваляванне, якое не дасць яму ні на хвіліначку заснуць.
   Але, мабыць, калі і ўдасца рыбаку хоць трохі прыкархнуць, то ўсё роўна яго хутка пабудзяць шолахі і галасы світанку. Яшчэ дзе-нідзе падае голас нястомны валацуга-дзяркач, але яго ўжо перабівае там і сям то залівістая песня жаваранка, то кароткае "кэ-кэ" глухаркі, што выводзіць сваіх дзяцей насустрач сонцу на высокі пясчаны бераг. З боку пасівелых за ноч расцяробаў наплывае на бераг парны празрысты туманок. Ён хутка асядае, і неўзабаве ўвесь бераг пачынае іграць гарэзлівымі водбліскамі пагодлівага летняга золку.
(154 словы)

Паводле К. Кірэенкі.