Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by ці на сайце oz.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Нацыянальныя стравы

Кнопка отправить на печать

   Беларус любіць смачна паесці. На куццю на стол ставяць дванаццаць, васямнаццаць, а то і дваццаць чатыры стравы. I ўсё гэта трэба пакаштаваць.
   Не сказаць, каб усё гэта заўсёды стаяла на стале, але гэта стравы нацыянальнай кухні.
   Галоўная нацыянальная страва, аснова ўсяго – хлеб. Пшанічны, як на поўдні, у нас пякуць рэдка. Беларус любіць чорны хлеб і сумуе па ім, трапіўшы туды, дзе яго няма. Так што хлеб у нас жытні, вельмі духмяны.
   Пякуць яго на подзе, на капусных або кляновых лістах, а пасля, спырснуты вадою, астывае хлеб пад ручніком, напаўняючы хату найлепшым у свеце пахам. Няма нічога смачнейшага, як адрэзаць гарачую лусту, густа пасаліць яе і з’есці.
   Дарэчы, хлебам і лячыліся. У незапамятныя часы беларус заўважыў, што плесня, якая ўтвараецца ў дзежцы на рошчыне летам (у гарачую пару, калі хлеб не пякуць), загойвае нават раны, ад якіх вось-вось пачнецца гангрэна. Колькі трэба было ісці чалавецтву, пакуль яно вынайшла пеніцылін!
   Улетку, калі дарагая кожная хвіліна, елі праснакі (прэсны хлеб). Да белага ставіліся ў даўніну крыху недаверліва, але заўсёды любілі пірагі з яблыкамі і ўвогуле з садавіной, з чарніцамі, з макам. Калі пяклі іх, то рэшткі цеста раздавалі дзецям, каб кожны спёк сабе хаця б па маленькай булачцы. I, як паўсюль у славян, існаваў «зайцаў хлеб», што бацька прыносіў з лесу ці з дарогі.
   Хлеб даставаўся цяжка. Кінуць яго быў смяротны грэх. Кавалак, што выпаў з рук, трэба было падняць і пацалаваць. Хлеб абагаўлялі.
   Бульба – другі хлеб. Беларусы ведаюць каля тысячы страў з бульбы. Ад звычайнай, печанай на начлезе, якую так добра выкаціць з попелу, абскрэбці, разламаць і, калі яна яшчэ дыміцца, саліць і есці, да бульбы, фаршыраванай сушанымі грыбамі і запечанай у гарачай печы. Апісаць усе стравы з бульбы немагчыма. Але і проста вараная, з падгарэлымі вяршкамі, высыпаная на абрус на стале, яна – дзіва, бяры і еш! А да яе – сала, салёныя агуркі, халодныя, з кропам, і селядзец (раней бульбу мачалі ў селядцовы расол) або зялёны канапляны ці залаты сланечнікавы алей, масла каровіна ці міска кіслага халоднага малака, якое часам трохі і падсольваюць. Кепска было раней, калі яшчэ не было бульбы. Тады замест яе былі параная рэпа, бручка ці нешта такое іншае.
   Дарэмна нас дражняць бульбашамі. Ёсць бульба, ёсць і да бульбы. Я не кажу пра ежу даўніх беларускіх магнатаў. Кухарская кніга дзевятнаццатага стагоддзя дае тысячы рэцэптаў вельмі складаных страў.
   Над сваім апетытам беларус заўсёды пасмейваўся. Уменне іранізаваць не толькі над кімсьці, але і над самім сабою – адна з самых вартых рыс беларускага нацыянальнага характару.
   I ў Маскве, і ў Кіеве, і ў Мінску, у хаце і сталоўцы – амаль паўсюды вы ясце тыя ж самыя катлеты ды біфштэксы, носіце тыповыя вопраткі з падобных матэрыялаў, усё больш забываеце непаўторнасць і адметнасць жыцця той мясціны, адкуль вы родам. А забываць пра гэта нельга.
(451 слова)

Паводле У. Караткевіча.