Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by ці на сайце oz.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Любіць родную зямлю

Кнопка отправить на печать

   Родная зямля прыгожая ў кожную пару года.
   Зімой, калі за вокнамі лютуе мароз. Нават тады, калі вецер вые, як галодны воўк, шпурляе ў вокны сухімі камякамі снегу.
   Вясной, як стройныя таполі нясмела выпускаюць клейкія і пахучыя зялёныя лісточкі. Тады, калі пад самым купалам неба заліваецца жаўрук.
   Летам, калі нізка над зямлёю, шчабечучы, носяцца ластаўкі. Калі на палянках у траве густа чырванеюць суніцы – буйныя, спелыя, з жоўтымі зярняткамі, нібы вяснушкамі, па баках.
   Прыгожая наша зямля і ўвосень, калі ў кронах бяроз з’яўляюцца першыя залатыя пятакі. З кожным днём іх становіцца ўсё больш і больш.
   У прыродзе, як і ў жыцці чалавека, усё мяняецца. Адна пара года змяняе другую, але кожная з іх па-свойму адметная, непаўторная і прыгожая. Прыгожая, як спеў птушак, як матчына песня, як той куточак роднай зямлі, дзе ты нарадзіўся і вырас. А цяпер невялічкая казка пра тое, як на нашай зямлі трэба шанаваць усіх.
   Пакрыўдзіў аднойчы стары саву. Раззлавалася сава і сказала, што больш не будзе ў дзеда на лузе мышэй лавіць. Стары толькі пасмяяўся з неразумнай савы: «Не будзеш – і не трэба. Бяда вялікая!» Але перастала сава мышэй лавіць – і раптам асмялелі мышы. Пайшлі гнёзды чмялёў разбураць. Але і тут нічога не зразумеў дзед. Паляцелі чмялі – і ніхто не застаўся канюшыну апыляць. Не расце на лузе канюшына, няма чым карову карміць. А без корму не стала ў кароўкі малака. Вось толькі тады зразумеў стары, якую памылку зрабіў. Ды і пайшоў да савы прасіць прабачэння.
   Сэнс гэтай казкі не толькі ў тым, што нельга крыўдзіць сяброў. Сэнс казкі яшчэ і ў тым, што ў прыродзе ўсё звязана нябачнымі ніцямі. Як у казцы: на першы погляд, не мае сава дачынення да малака, а вось атрымліваецца, што мае. Праз мышэй, праз чмялёў, праз канюшыну – да каровы і малака.
   Усім нам трэба быць надзвычай уважлівымі да прыроды. Хто з нас з замілаваннем не сачыў, як хуценька паўзе, спяшаецца па далоні маленькая божая кароўка. Як узлятае з нашага пальца, адчайна лапоча кволымі крыльцамі. Здаецца, такая дробязь! Але вучоныя падлічылі, што адна божая кароўка за сваё кароткае жыццё знішчае каля дзесяці тысяч асобін тлі. Гэта колькі б яны жыватворнага соку з раслін выпілі? Таму ў некаторых краінах божых каровак перавозяць з раёна ў раён, нават з адной часткі свету ў другую. Гэта робяць тыя гаспадары, што разумеюць і берагуць прыроду. А некаторыя тым часам кожную вясну дружна выходзяць паліць сухую траву. Яны не задумваюцца, колькі насякомых загіне ў бязлітасным агні. Колькі прападзе чмяліных гнёздаў, колькі пчол і восаў, якія зімавалі ў пустых сцяблінах раслін, не змогуць падняцца ў палёт. I колькі божых каровак панясе вецер з попелам і дымам!
   Можна прыводзіць падобныя прыклады бясконца. I ўсе яны пра адно: пра тое, што і людзі, і звяры, і рыбы, і птушкі, і расліны жывуць у адным доме, які называецца прыродай. Дык як жа нам не шанаваць, не берагчы свой родны дом?
   Чалавек, які не разумее сувязі ў сусвеце, можа шмат бяды прынесці і сабе, і прыродзе, і многім людзям. Вось чаму шанаваць прыроду, вывучаць яе законы і з’явы трэба нам усім.
(500 слоў)

Паводле Я. Галубовіча.