Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Лошыца

Кнопка отправить на печать

   На паўднёвай ускраіне горада Мінска, дзе зліваюцца рэкі Лошыца і Свіслач, ёсць таямнічае, авеянае паданнямі і легендамі месца – Лошыцкі парк. Мы прыязджаем туды паглядзець, як ладзяцца рыцарскія турніры, паблукаць па прысадах з магутнымі старымі дрэвамі. Усё тут дыхае даўніной: сядзібны дом, у якім захаваліся ляпная столь, старажытная кафля і нават сцяна з чырвонага дрэва з патаемнымі дзверцамі, будынак вінакурні васямнаццатага стагоддзя, руіны млына і капліцы.
   Першая сядзіба з’явілася тут яшчэ ў пятнаццатым стагоддзі. А напрыканцы дзевятнаццатага стагоддзя сядзіба перайшла да Яўстафія Любанскага. Гэта быў чалавек перадавы. Менавіта ён паспрыяў таму, каб у Лошыцкім парку з’явіліся саджанцы рэдкіх раслін. Паколькі ён быў натурай дзейнай, любіў усё новае, то захапіўся апошняй тэхнічнай навінкай свайго часу – веласіпедам. Любанскі ўзначальваў таварыства мінскіх веласіпедыстаў і ладзіў у сваёй сядзібе іх выступленні. Ажаніўся ўладальнік Лошыцы пазнавата, у трыццаць сем гадоў, а за жонку ўзяў юную прыгажуню, дваццацігадовую Ядвігу, якую кахаў і песціў незвычайна. Напрыклад, спецыяльна для яе прывёз з Японіі рэдкае дрэва – магнолію, якая і дасюль цвіце ў Лошыцкім парку.
   У 1905 годзе святкаваўся дзень нараджэння пані Ядвігі. На пышны баль з’ехаліся госці, і аднаму з іх удалося завалодаць сэрцам пані. Яна пачала сустракацца з прыгожым юнаком. Каханне не схавалася ад цікаўных вачэй. А праз два месяцы знайшлі цела Ядвігі ў Свіслачы каля перакуленай лодкі. Нібыта ноччу па сцежцы спусцілася яна з крутога берага, села ў лодку і... Але ніхто не ведае, як адбылася трагедыя.
   Яўстафій Любанскі страшэнна гараваў. Ён чамусьці загадаў закласці цэглай акно ў пакоі памерлай жонкі і з’ехаў на Каўказ, дзе хутка памёр.
   Свінцовая труна з целам пані Ядвігі захоўвалася ў Лошыцкай капліцы. У 1935 годзе новыя гаспадары сядзібы ўзарвалі непатрэбны будынак. Але гісторыя на гэтым не закончылася. Кажуць, калі прыйсці ў Лошыцкі парк з дзесяці да адзінаццаці гадзін вечара ў час цвіцення маньчжурскага абрыкоса і пры гэтым будзе свяціць поўня, то на яе фоне можна разгледзець выразны сілуэт жанчыны ў белым адзенні. Бачылі нібыта ў гэты час жаночы сілуэт і над вадой, дзе зліваюцца Свіслач і Лошыца. I кожны год прывезеная Любанскім з Японіі магнолія расцвітае ў дзень нараджэння пані Ядвігі.
   Расказваюць страшныя гісторыі і пра разваліны лошыцкіх млыноў. Млыны заўсёды лічыліся прытулкам нячыстай сілы. Асабліва небяспечна прыходзіць туды ўночы, калі свеціць поўня. Кажуць, і цяпер некаторыя небаракі сустракаюцца там з цёмнымі сіламі.
   Але звязаны з Лошыцай і рамантычныя павер’і. Напрыклад, пра заручальны дуб, да якога на працягу многіх гадоў хадзілі прасіць дапамогі ў каханні. I не дзіва: расліны тут сапраўды нібыта напоўнены незвычайнай сілай. Травы ў парку вышэйшыя за чалавечы рост, дрэвы – па тры-чатыры ствалы. Нездарма тут праводзілі свае эксперыменты з раслінамі навукоўцы. Калі адну старую ліпу, паваленую ветрам, распілавалі і палічылі кольцы, то аказалася, што дрэву дзвесце сорак гадоў.
   Сёння Лошыца аднаўляецца і робіцца адным з любімых месцаў прагулак гараджан. Галоўнае для нас – помніць, што не страшныя гісторыі мінуўшчыны, а наша безадказнасць і неахайнасць губяць прыгажосць таямнічых месцаў.
(469 слоў)

Паводле Л. Рублеўскай.