Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by ці на сайце oz.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Легенда пра Нёман

Кнопка отправить на печать

   Шмат прыгожых легенд захавалася пра наш Нёман. Давайце прыгадаем адну з іх. Даўным-даўно, тысячы гадоў назад, з-пад вялізнага каменя, дзе б’е крыніца, нарадзіўся славуты асілак. Яго назвалі Нёманам. Жыў ён сярод лясоў дрымучых, лугоў шырокіх. Быў ён прыгожы, працавіты. Прыродзе, людзям, усяму жывому дабром плаціў. Па суседстве жыла рэчка Лоша. Была яна гультаяватая, ляжала ў цяньку ды сабою любавалася. Нікому ад яе не было ні радасці, ні карысці. Лоша часта заглядала да свайго суседа, дзівілася з яго стараннасці ды працавітасці. За маўклівасць называла яго Неманцом.
   Цяпер ніхто і не ведае, не помніць, за што Нёману прыглянулася рэчка Лоша. Памятаюць толькі пра іх шыкоўнае вяселле. Гуляла на ім уся вялікая радня і жаніха, і нявесты. Каго там толькі не было! Гулялі, балявалі, маладым шчасця ды добрай долі жадалі. Скончылася вяселле, пачаліся будні. Трэба было жыць і працаваць.
   Зноў Нёман-працаўнік не ведаў ні дня, ні ночы. Паіў, карміў, дапамагаў усім, хто да яго гарнуўся: і чалавеку, і зверу, і птушцы, і рыбе, і жыўнасці ўсякай. Цешыў сваім водным люстэркам прыбярэжныя лясы, палеткі, лугі, на сваіх магутных руках насіў лодкі, плыты, чоўны. Не адзін раз запрашаў на шырокі прастор і сваю красуню ненаглядную. Толькі тая заставалася абыякавая, раўнадушная да ўсяго. Па-ранейшаму не хацела падзяляць працу, нягоды і радасці свайго волата Нёмана.
   Не па душы стала такое жыццё Нёману. Аднойчы цёмнай ноччу кінуўся ён наўцёкі ад гультаяватай Лошы. Дзе поплавам бег, дзе азярцом, дзе ў чарот хаваўся. I толькі потым у адкрытую асілак пайшоў да мора.
   Прачнулася Лоша, а каханага няма. Толькі тады яна зразумела, як важна даражыць каханнем, даверам, працаю, як важна, каб цябе кахалі. Пачала даганяць любімага ўцекача, бегла па далінах ды па нізінах. Але сіл не хапала. Гукала, плакала, клікала на дапамогу, але ніхто не хацеў дапамагаць лянівіцы. Толькі праз некалькі кіламетраў пабачыла яна каханага. Хвалямі горкіх слёз кінулася Лоша ў абдымкі да свайго вернага асілка. Адчула, што жыць па-ранейшаму, ленавацца – значыць адной застацца, назаўсёды знікнуць, высахнуць. Пачала дапамагаць Нёману. З часам і людзі не абміналі яе, будаваліся на берагах Лошы. Пасля гэтага зажылі ў згодзе Нёман ды Лоша.
   А Нёман-працаўнік і сёння ніколі не забывае родныя мясціны. Кожную вясну, кожную восень дажджлівую вяртаецца да маці сваёй – крынічкі, якая цячэ з-пад вялізнага каменя. Вяртаецца сюды, каб сустрэцца са сваёй Лошай, са сваёй маладосцю, каханнем.
   Гэтая прыгожая легенда жыве і па сённяшні дзень.
   А пра Нёман мы гаворым як пра славутую раку, як пра ўвасабленне лёсу беларускага народа, як пра помнік, раку-сведку. Невыпадкова Нёман справядліва суадносіцца з нашым нацыянальным гонарам, нашай гісторыяй, Бацькаўшчынай. Нёман для беларуса складае такі ж гонар, як і Волга для рускіх, Днепр для ўкраінцаў, Вісла для палякаў. Беларусы ўславілі магутны Нёман у песнях, паданнях, казках. У гонар Нёмана гучаць прыгожыя легенды, у якіх рака выступае заступніцай беларусаў, іх надзеяй і будучыняй. Бацька Нёман – так называюць у народзе слаўную раку.
(464 словы)

Паводле А. Махнача.