Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by ці на сайце oz.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Легендарны ваенны лётчык

Кнопка отправить на печать

   Першы ў СССР двойчы Герой Савецкага Саюза Сяргей Грыцавец родам з Баранавіцкага раёна, з сялянскай сям’і. У час Першай сусветнай вайны сям’я апынулася за Уралам і там засталася. Сяргей Грыцавец закончыў ваенную школу лётчыкаў, служыў на Далёкім Усходзе. «Нябесным снайперам» называлі яго таварышы па службе за высокія вынікі ў стральбе, нават калі лятаў уверх коламі. Даводзілася яму ваяваць і ў небе Іспаніі. Тут Грыцавец быў прызначаны камандзірам атрада знішчальнікаў-добраахвотнікаў. I неўзабаве адна з англійскіх газет абвясціла на ўвесь свет загалоўкам «Рускі лётчык Сяргей Грыцавец – чалавек дзіўнай храбрасці», бо ў адным паветраным баі ён збіў адразу сем нямецкіх самалётаў. Пра гэта ж паведамілі і ўсе савецкія газеты. А ўсяго ў Іспаніі Сяргей Грыцавец збіў больш за трыццаць самалётаў.
   А ў 1939 годзе Сяргею давялося ваяваць супраць японскіх мілітарыстаў на рацэ Халкін-Гол. У адным з баёў ён выратаваў камандзіра авіяпалка, які быў збіты і з парашутам сеў на японскую тэрыторыю. Грыцавец, не вагаючыся, пайшоў на пасадку, уцягнуў Забалуева ў сваю цесную кабіну і на вачах у японцаў, што беглі да самалёта, узвіўся ў паветра, на апошніх кроплях бензіну дацягнуўшы да аэрадрома. Вестка пра яго небывалы подзвіг маланкава распаўсюдзілася па часцях. Праз некалькі дзён пра подзвіг Грыцаўца паведамілі ўсе цэнтральныя газеты, мільёны людзей захапляліся яго ўчынкам, паэты пісалі пра яго вершы.
   «Дзянёк быў цікавы!» – казаў звычайна Сяргей Грыцавец пры пасадцы на аэрадроме ў Халкін-Голе. Гэта азначала, што на ягоным рахунку яшчэ адзін, а то і некалькі збітых японскіх самалётаў.
   Саслужыўцы не раз гаварылі пра маланкавую знаходлівасць Грыцаўца і віртуознасць валодання самалётам у баі.
   За ваенныя заслугі Грыцавец быў двойчы ўзнагароджаны медалём «Залатая Зорка» Героя Савецкага Саюза. У пачатку верасня 1939 года ў Крамлі Сталін сказаў Сяргею Грыцаўцу, які атрымаў прызначэнне ў Оршу: «Вызвалім Заходнюю Беларусь і паставім бронзавы бюст двойчы Героя Савецкага Саюза на свабоднай зямлі!»
   А 16 верасня гэтага ж года, напярэдадні пераходу савецкіх войск праз польскую мяжу, позна ўвечары, у апраметнай цемры камандзір авіяпалка Грыцавец пасадзіў свой самалёт на аэрадроме пад Оршай, але з супрацьлеглага боку на пасадку ішоў другі знішчальнік – самалёты сутыкнуліся. Маёр Грыцавец, які столькі разоў глядзеў у вочы смерці ў грозным небе вайны і заўсёды перамагаў дзякуючы сваёй вялікай мужнасці, у свае трыццаць гадоў загінуў у выніку недарэчнай выпадковасці на зямлі. У гэта ніхто не мог паверыць...
   Восенню 1941 года, калі немцы былі зусім блізка ад Масквы, а Гітлер патрабаваў ад Японіі нападу на Савецкі Саюз, германскі пасол у Токіа паслаў тэлеграму ў Берлін: «У японскай арміі ўсё яшчэ памятаюць Халкін-Гол». Пад Халкін-Голам японцы мелі на ўвазе і маршала Жукава, і маёра Грыцаўца.
   Імем Грыцаўца названы вуліцы ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Мінску, Оршы, Баранавічах, Ганцавічах. Легендарнаму лётчыку пастаўлены помнікі ў Мінску і на месцы гібелі, у вёсцы Балбасава Аршанскага раёна Віцебскай вобласці. Да самай смерці ў кабінеце генерала Забалуева вісеў партрэт яго выратавальніка – Сяргея Грыцаўца.
(459 слоў)

Паводле В. Ярмоленкі.