Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Купалле

Кнопка отправить на печать

   Святкаванне Купалля – адзін з апошніх язычніцкіх абрадаў, што захаваўся да нашага часу. Гэта дзень летняга сонцастаяння, калі сіла і магутнасць сонца дасягаюць найбольшага ўздзеяння. Усё жывое на зямлі атрымлівае ў гэты дзень максімальнае святло. Усе кланяюцца сонцу, песні спяваюць, з кветак вянкі ўюць.
   У народзе свята гэта адзначалася ў ноч з шостага на сёмага ліпеня. Напярэдадні Купалля вясковая моладзь выбірала своеасаблівага тамаду, які кіраваў святочным шэсцем хлопцаў і дзяўчат. Удзельнікі шэсця ўпрыгожвалі сябе зелянінай, дзяўчаты плялі вянкі з палявых кветак, падпяразваліся паясамі з палыну. Запальваліся доўгія паходні. Моладзь з вясёлымі песнямі абыходзіла двары, запрашаючы ўсіх на свята.
   Усю ноч шугала ўвысь купальскае вогнішча, каб далёка відаць было яго, каб да сонца бліжэй. Цэлую ноч вадзілі хлопцы і дзяўчаты карагоды, скакалі праз агонь, каб ачысціцца. Абавязковым атрыбутам свята былі дзявочыя вянкі, якія пускалі на ваду. Такім чынам нявесты варажылі аб будучым замужжы. Абавязкова на Купалле запальвалася і ўздымалася на высокай жардзіне кола, падобнае да сонца. Як толькі агонь пачынаў згасаць, гэта запаленае кола пускалі з гары. I кацілася яно да рачнога ці азёрнага берага, распырскваючы вакол іскры і асвятляючы яркім купальскім агнём усё наваколле.
   Існавала паданне, што купальскі агонь валодае незвычайнай гаючай сілай, таму бацькі спальвалі на вогнішчы кашулькі хворых дзяцей, верачы ў абавязковае выздараўленне малых. Дзядулі і бабулі, кідаючы ў купальскае вогнішча старыя непатрэбныя рэчы, прасілі багатага ўраджаю.
   Лічылася, што ў ноч на Купалле на ўсю моц буяніць усякая погань: чэрці, ведзьмы, лесавікі. Каб засцерагчыся ад іх, людзі кідалі ў жыта галавешкі, на парог хлявоў клалі крапіву. Коней на Купалле ў начное не выводзілі.
   Існаваў цікавы старадаўні звычай: той, хто хацеў набрацца сілы і прыгажосці, павінен быў голым выкупацца ў ранішняй купальскай расе.
   Кульмінацыяй Купалля былі пошукі папараць-кветкі, сімвала шчасця. Як сведчыць паданне, гэта кветка з’яўлялася ў дрымучым лесе толькі раз у год, якраз у гэту цудоўную ноч. Цвіла яна ўсяго некалькі імгненняў, а сцерагла яе ад людзей нячыстая сіла. Таго, хто наважваўся наблізіцца да кветкі, яна магла пазбавіць розуму ці напужаць да смерці. Таму, хто выпраўляўся на пошукі цудоўнай кветкі, магло і пашанцаваць, калі ён сустракаў у лесе купальскага дзядка. Той збіраў гэтыя вогненныя кветкі ў маленькі кошык. Сустрэўшы дзядка, трэба было моўчкі паслаць перад ім белае палатно, і ён таксама моўчкі клаў туды адну чароўную кветку. А каб чэрці не адабралі яе, трэба было разрэзаць далонь правай рукі і ўставіць у парэз папараць-кветку.
   Людзі шчыра верылі, што той, хто знаходзіў папараць-кветку, набываў здольнасць бачыць скрозь зямлю схаваныя скарбы.
   Царква, імкнучыся адвучыць людзей ад язычніцкіх абрадаў, вызначыла на дзень Купалля рэлігійнае свята Іаана Хрысціцеля. Адсюль і другая назва свята – Іванава ноч.
   Купальская ноч быццам вяртала ўсіх на сотні гадоў назад, у глыб сівых стагоддзяў, калі продкі нашы былі язычнікамі і маліліся не Хрысту, а Перуну, Дажбогу і Вялесу.
(450 слоў)

Паводле С. Асіноўскага.