Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Краіна замкаў

Кнопка отправить на печать

   Вымаўляючы слова «замак», адразу прыгадваеш высокія муры, магутныя вежы, вузкія байніцы, стук мячоў. Часы рыцараў даўно мінулі, а сведак сівой старажытнасці і сёння можна пабачыць у розных краінах. Так склалася, што больш вядомымі сталі замкі Заходняй Еўропы. Яны дэманструюцца ў мастацкіх і дакументальных стужках, на фота, у сувенірах і гэтак далей. Але і ў Беларусі ёсць тое, што нічым не саступае сусветна вядомым замкам.
   Раней наш край так і называўся – Краіна замкаў. I ў гэтым была праўда. Краіна, што знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, вялікую частку жыцця была вымушана думаць пра сваю абарону. Мірныя часы занадта часта і надоўга змяняліся войнамі, разбурэннямі і ўсім тым, што спадарожнічае змаганню з чужынцамі. I вось у тыя часы дзясяткі замкаў паўставалі ў беларускіх гарадах, мястэчках і вёсках. У кожным з іх, нібы ў люстэрку, адбілася гісторыя нашых земляў. Войны, гонар, здрада, знакамітыя людзі, мужнасць і воля...
   Са сцен замкаў ляцелі стрэлы, білі па ворагу мушкеты, гарматы. У гэтых мурах нашы продкі праяўлялі ўзоры мужнасці і адвагі. Там жылі і дзейнічалі і простыя людзі, і тыя, чыёй прафесіяй была вайсковая справа, – князі, каралі. Усе яны бралі зброю з адным намерам – бараніць Радзіму.
   З тых замкаў, якімі была калісьці так багата наша зямля, захавалася толькі невялікая частка. Але ўсе яны для нас «на вагу золата», бо менавіта гэтыя муры – слава і гісторыя Беларусі. Замкі стрымлівалі ворагаў-захопнікаў. Гэтыя ўмацаванні ўзводзілі нашы продкі – муляры, цесляры, кавалі. Воіны часта коштам свайго жыцця трымалі абарону нават тады, калі здавалася, што ўсё страчана. I перамагалі!
   Кожны з замкаў мае сваё аблічча, выгляд, асаблівасці. Часам гэтыя велізарныя абарончыя збудаванні знаходзяцца на высокіх пагорках, з якіх на многія кіламетры відаць усё наваколле, як у Навагрудку. Часам яны нагадваюць невялікі квадрат з вежамі па вуглах, абведзены ровам, запоўненым вадой, як у Міры. Некаторыя з замкаў былі цалкам або моцна разбураны ворагамі, іншыя – перабудаваны, як у Гродна. Кожнаму выпаў свой лёс.
   Але час мінае, і нашы вартаўнікі мінулага пачынаюць аднаўляцца, паўставаць з руін. Мірскі і Нясвіжскі замкі імкліва вяртаюць сабе былое хараство, некаторыя яшчэ рыхтуюцца да таго, каб аднавіць ранейшую веліч. Але кожны з іх – гэта жывая гісторыя, часам з тымі падзеямі, што сталі важнымі не толькі для Беларусі, але і шмат для якіх іншых краін.
   Абаронцы нашай зямлі заслугоўваюць таго, каб іх ведалі, каб памяталі. Тым больш што гісторыя Беларусі – Краіны замкаў – адна з найцікавейшых у свеце.
   Замкі нашай краіны – гэта наша гісторыя. Яны маўклівыя і ў той жа час такія гаваркія сведкі таго, што адбывалася на роднай зямлі. Іх старажытныя сцены могуць расказаць пра мірныя дні і войны, перамогі і паражэнні, славу і здраду. Толькі чалавек, што не цэніць сваёй гісторыі, раўнадушна, абыякава пазірае на гэтыя збудаванні. Чалавек разумны, удумлівы, адказны бачыць у замках вартаўнікоў нашай мінуўшчыны. Трэба толькі ўслухацца ў нягучныя іх расказы – і гісторыя ажыве.
(456 слоў)

Паводле Я. Малішэўскага.