Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Клён

Кнопка отправить на печать

   Ён стаяў у канцы нашага невялікага саду, збоку, каля самай агароджы, якая абступала сядзібу. Высокі, стройны, прыгожы. клён вылучаўся сярод іншых дрэў, што раслі ў садзе. Адразу за клёнам пачыналіся яміны, з якіх вяскоўцы капалі гліну. За імі праз агароды цягнулася палявая дарога.
   Гэтай дарогай кожнае лета, жывучы ўжо ў горадзе, я крочыў да бацькоўскай хаты. Яшчэ здалёку распазнаваў густую вершаліну клёна. Цёплая пяшчота аблівала маё сэрца, калі я ўяўляў, як хутка пералезу праз агароджу, прайду ціхім садам, буду дыхаць сакавітым пахам медуніц і кропу, а затым увайду ў родную хату, светлую, прапахлую свежым хлебам.
   На ўсё жыццё запомніўся мне гэты клён. Менавіта на яго раней, чым на іншыя дрэвы, садзіліся вясною шпакі і пачыналі высвістваць свае радасныя песні навасёлаў. Калі з палёў і агародаў сыходзіў снег і на ўзмежках з’яўлялася зялёная траўка, мы, вясковыя хлопчыкі і дзяўчынкі, ладзілі каля клёна свае гульні. Кожны лічыў за гонар залезці на самую вершаліну дрэва і заспяваць: «Мой родны кут, як ты мне мілы, забыць цябе не маю сілы...» А крыху пазней, у маі, калі з’яўляліся хрушчы, мы трэслі кляновае голле ўвечары або ранкам, стараючыся адзін перад адным больш сабраць сонных яшчэ жукоў.
   Вельмі захапляў нас клён увосень, якая шчодра аблівала яго яркай пазалотай. Прыбяжыш да клёна, а пад ім такі рознакаляровы дыван – вачэй не адарваць!
   Многія ў вёсцы, калі пяклі хлеб, бралі лісце з нашага клёна, каб услаць ім под печы. А лісце гэта заўсёды было шырокае, чыстае, нейкае святочнае. Штовосень мы акуратна засушвалі лісты, і потым усю зіму хату ўпрыгожвалі кляновыя букеты.
   Памятаю і вельмі прыкрае. Тады я вучыўся ў другім класе. Быў сакавік. Мне чамусьці захацелася паспытаць свежага кляновага соку. Прыхапіўшы бацькаву сякеру і трохлітровы слоік, я пайшоў да нашага клёна. Надсек у адным месцы, але сок не капаў, а сцякаў па ствале. Надсек у другім месцы – атрымалася лепш, падставіў слоік. Пайшоў у хату. Чакаю, пакуль набяжыць хоць трохі кляновіку. Ды тут бацька прыйшоў з працы. Гляджу і вачам сваім не веру: нясе ў руках мой пусты слоік. Сэрца ў мяне нібы абарвалася. Дасталося мне тады на арэхі.
   Замазаў тата раны на ствале клёна, але доўга яны не зажывалі. Плакала дрэва...
   Праз год зноў нехта надсек клён. Не шанцавала дрэву і пасля. Некалькі разоў ранілі яго, нібы некаму замінала яго гордае I шчырае хараство. I кожны раз я адчуваў сябе вінаватым, быццам гэта я надсякаў клён.
   А мінулай восенню яго не стала: паваліла бура. Наляцела яна па вёску, паваліла платы, сарвала некалькі чарапічных дахаў, загубіла наш клён.
   Прыехаўшы летам у водпуск, я не пазнаў здалёку бацькавай сядзібы. У шэрагу высозных дрэў, якія абступілі сад, віднеўся прагал, адсутнічала штосьці адметнае, дарагое. Мне стала вельмі балюча. Зразумеў, што тады, у дзяцінстве, я зрабіў зарубкі не на кляновым, а на сваім целе, і яны пякуць цягучым, несціханым болем.
(456 слоў)

Паводле М. Пазнякова.