Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by ці на сайце oz.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Калыска песняра

Кнопка отправить на печать

   У кожнага з нас ёсць свая калыска – тое месца, дзе нарадзіліся, адкуль, як кажуць, пайшлі ў свет. I, мабыць, для кожнага з нас тое месца самае дарагое, самае любае на зямлі. Яно з’яўляецца вытокам усяго, што ў нас ёсць і што будзе.
   У кожнага народа, у кожнай краіне ёсць месцы, якія з’яўляюцца духоўнымі сімваламі, своеасаблівымі народнымі святынямі. Гэта куткі зямлі, дзе нарадзіліся людзі, якія ўзвысілі ў свеце свой народ, Айчыну.
   У нас, беларусаў, такіх месцаў шмат. Няма патрэбы іх пералічваць: яны добра вядомыя. Але адно варта нагадаць: Вязынка... Так, там, у гэтай вёсцы, а тады фальварку, 7 ліпеня 1882 года ў сям’і дробных арандатараў Луцэвічаў нарадзіўся будучы сусветна вядомы пясняр беларускага народа Янка Купала. I хоць сям’я, не маючы сваёй зямлі, неўзабаве пакінула Вязынку ў пошуках лёгкай долі, гэта месца застаецца яго, песняра, калыскай. Але на Міншчыне ёсць нямала месцаў, звязаных з імем песняра. Гэта ж вытокі, пачатак яго дарогі да людзей. I менавіта ў Вязынку да Купалы часцей за ўсё ішлі і ідуць людзі. I гэта натуральна: каб больш поўна зразумець геній паэта, сэрцам трэба дакрануцца да яго вытокаў.
   У дарогу да Купалы мы сабраліся з самай раніцы. Быў канец зімы, самае прадвесне. Усё навокал жыло прадчуваннем аднаўлення. Пройдзе колькі дзён – і дрэвы, луг, рачулка заззяюць цёплымі фарбамі, абудзяцца безліччу вясёлых птушыных галасоў.
   Незвычайна паэтычны, казачны куток роднай зямлі адкрыўся перад намі ў мяккіх промнях веснавога сонца. Промні гулялі, пераліваліся рознымі колерамі на пяшчотных, нібы пялёсткі пралесак, лёгкіх сняжынках. Сняжынкі толькі што спусціліся на зямлю з залаціста-блакітнага неба і лёгка прыцерушылі сінявата-карычневыя рады дэкаратыўных кустоў, бронзава-шэрыя ствалы і галіны дубоў, пачарнелыя ад часу калодзеж з жураўлём і хату, у якой нарадзіўся пясняр.
   Вядома, усё гэта, апрача векавых дрэў, адноўлена людзьмі. Але верыш, што менавіта ў гэтыя дзверы, праз гэты пляскаты ганак-камень ішла ў хату да сынавай калыскі стомленая нялёгкай сялянскай працай маці. Верыш, што з гэтага калодзежа натомленыя бацькавы рукі даставалі сцюдзёную ваду, што да ўсяго, табою ўбачанага, тут дакраналіся ручкі маленькага Яся. I верыш, што менавіта сюды, да сваёй калыскі, у якіх бы краях пасля ні быў паэт Янка Купала, ён вяртаўся ў думках, як кожны з нас – да сваёй.
   Хто сёння ідзе да Купалы, адкуль? Самыя розныя людзі з усіх куткоў былога Савецкага Саюза. I не толькі этнічныя беларусы, а ўсе, хто цікавіцца творчасцю і жыццём песняра, тыя, хто адчувае яго паэзію душой.
   Штомесяц тут прымаюць каля дваццаці дэлегацый, нямала груп і, што асабліва радуе, мноства тых, хто прыходзіць сам па сабе, адзін. Асабліва шмат моладзі, школьнікаў. У музеі праходзяць нават школьныя ўрокі літаратуры.
   I няхай кожнаму, хто прыйдзе да песняра па душэўнай патрэбе, тут добра і лёгка думаецца. Хай светла будзе на душы. А таксама на сваёй зямлі, на тых землях, куды прывядзе лёс, паўсюль сярод людзей.
(453 словы)

Паводле У. Саламахі.