Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by ці на сайце oz.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Казка пра чыжыка

Кнопка отправить на печать

   Чыжыкі звілі сабе гняздо на самай высокай галінцы самай высокай яліны ў лесе. Гаспадар прыносіў у дзюбцы сухія галінкі, мох, павуцінне, розны пух з раслін. Неяк нават паляцеў за лес, дзе пасвілі атару авечак, і прынёс трохі авечай воўны. Чыжыха тым часам старанна будавала малюсенькае, але вельмі моцнае гняздзечка, мацуючы пруткі павуціннем, выкладаючы яго ўсярэдзіне пухам, воўнаю ды мяккім лісцем.
   Хутка ў гняздзе з’явілася пяць яек, бела-зеленаватых, з цемнаватымі плямкамі і рыскамі, і чыжыха села на іх. Чыжык прыносіў жонцы есці, ён спяваў каля яе, каб не было сумна сядзець. Калі ж яна на хвілінку ўзнімалася з гнязда, то ён сам сядаў у гняздзечка.
   Ну і рады ж былі бацька і маці, калі вясёлым веснавым ранкам яйкі пачалі нарэшце расколвацца і з іх адна за адной высунуліся маленькія вільготныя галоўкі чатырох дачушак і аднаго сынка.
   З той хвіліны пачаліся клопаты пра сям’ю. Бацька і маці лёталі цэлы дзень і прыносілі сваім дзеткам то вусеняў, то розных дробных мошак. Вечарамі, калі птушаняты засыналі, бацька і маці адчувалі сябе хоць і зморанымі, але такімі шчаслівымі!
   Ды шчасце радавала іх нядоўга. Ужо наступіў час птушанятам лятаць, як здарылася страшная падзея. Сіняе, заўсёды добрае і мілае неба раптам спахмурнела, пацямнела, як быццам раззлавалася на ўвесь свет.
   Тата-чыжык яшчэ зранку паляцеў далёка, аж за бярозавы гай. Чыжыха распусціла свае крылы, падгарнула пад іх дзетак, а сама прытулілася да ствала яліны. Нават яна, старая яліна, стагнала і рыпела ад жахлівай буры.
   А раніцай зноў праяснела навокал і сонейка заззяла, як заўсёды, грэючы і лес, і ніву, і кветкі, і травы. Там і тут валяліся зламаныя навальніцай дрэвы. А колькі сваіх жыхароў не далічыўся стары лес!
   Чыжыха спадзявалася, што чыжык перабыў недзе навальніцу і хутка вернецца. Але чыжык не вярнуўся ні ўвечары, ні ранкам, ні на трэці дзень.
   Трэба было гадаваць дзетак, вучыць іх лётаць, трэба было вучыць іх добрай птушынай навуцы і паводзінам.
   З суседніх гнёздаў даносіліся вясёлае шчабятанне малечы, спевы бацькоў, а яе дзеці сядзелі моўчкі, і гэта прымушала балець яе маленькае птушынае сэрца. Тады чыжыха сядала на краёчак гнязда, і, хоць ёй было вельмі сумна, таксама намагалася весела спяваць і ў сваіх песеньках заўсёды расказвала дзецям, што тата вернецца да іх, абавязкова вернецца!
   А з чыжыкам-татам здарылася незвычайная прыгода! У час навальніцы, калі ён заспяшаўся дадому, яго зачапіла зломленае дрэва, і ён упаў.
   Раніцай яго знайшоў Андрэйка і забраў дадому. Усе ў доме думалі, што чыжык надта вясёлы, бо ён увесь час спяваў і скакаў па клетцы. Але чыжык спяваў пра сваіх дзетак. Ён згадваў свайго сынка, маленькага Піка, а скакаў па клетцы з адной думкай: можа, як-небудзь пашанцуе выбавіцца з-за кратаў? Да Андрэйкі ён прывык і любіў яго, але звыкнуцца з няволяй не мог.
   Так прайшла доўгая і халодная зіма, а аднойчы вясной Андрэйка вынес клетку на балкон і адчыніў дзверцы. Чыжык адразу ж паляцеў, паляцеў над полем, над ракою, над нівамі. Як добра ведаў ён той шлях! Ён ляцеў і голасна крычаў-спяваў:
   – Дзе вы, мае дзеткі? Дзе мая жонка, дзе мае дачушкі? Дзе мой маленькі сынок?
   I раптам убачыў: на яліне сядзіць ладны жаўтагруды чыжык, а каля яго невялічкая змарнелая шэранькая птушачка. Маці-чыжыха паклікала ўсіх суседзяў да сябе на свята і ні слова не сказала чыжыку, як цяжка ёй было без яго.
(533 словы)

Паводле А. Іваненка.