Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Знаёмая незнаёмка

Кнопка отправить на печать

   Ці даводзілася вам быць у такой сітуацыі: просяць праспяваць нешта наша, беларускае, а не атрымліваецца, бо не ведаем, не ўмеем. Шкада, бо менавіта песня – найлепшая візітоўка любой краіны. Пагаворым пра адну такую візітоўку – песню «Купалінка».
   «Купалінка» – гэта песня з намі паўсюль. Мы чуем яе з маленства, яна прысутнічае ў нашым жыцці як адна з тых мелодый, што памятае амаль кожны беларус. «Купалінку» спяваюць на сцэне, у гасцях, падчас свята і застолля, любяць гэту песню і эстрадныя выканаўцы, прапануючы новае яе прачытанне на ўласны густ.
   Да нядаўняга часу традыцыйна лічылася, што «Купалінка» – народная песня. Ды і цяжка было падумаць інакш. Гэта прыгожая, чароўная песня адлюстроўвае самую сутнасць душы народа, яе дабрыню і сум.
   Безумоўна, так яно і ёсць, за выключэннем аднаго: гэта песня, як і некаторыя іншыя, што яшчэ нядаўна лічыліся народнымі, напісана рэальным прафесійным аўтарам. Аднак аўтарства адной з самых вядомых нашых песень вярталася доўга. Напэўна, з-за таго, што традыцыйны, фальклорны тэкст песні быў вельмі ўдала стылізаваны адным з дзеячаў нашай культуры – Уладзімірам Тэраўскім.
   Уладзімір Тэраўскі – беларускі дырыжор, кампазітар, фалькларыст, адна з асоб, якія стаялі ля вытокаў стварэння новай беларускай оперы, нацыянальнай музычнай школы.
   З часам «Купалінка» набыла новыя сучасныя фарбы і гучанне. Гэта заслуга нашых знакамітых «Песняроў», якія з поспехам выконвалі песню на сцэнічных пляцоўках па ўсім свеце. Ды і сёння пра яе не забываюцца. Напрыклад, пераможца «Еўрабачання» Аляксандр Рыбак сцвярджае, што ён выхоўваўся не толькі на класічнай музыцы, але і на беларускіх песнях, сярод якіх і «Купалінка». Выступаючы ў Беларусі, Аляксандр выканаў гэту песню, прадэманстраваў, што не забыў роднай мовы. Юнак расказваў, што калісьці ён вандраваў па розных краінах Еўропы. Данія, Францыя, Бельгія, Нідэрланды... Нейкі час жыў у Парыжы, іграючы на вуліцах ды плошчах на гітары і спяваючы песні.
   Песні выконваліся, як правіла, англійскія. Але вось раптам заспяваліся беларускія. I першым з таго, што прагучала на парыжскай вуліцы, была «Купалінка». У выніку ў капялюш, што ляжаў ля ног вандроўнага музыкі, стала падаць шмат грошай. За «Купалінкаю» ўспомніліся іншыя беларускія песні.
   Наша песня кранае душу і сэрца. Яна шчырая, працяжная, вечная, як і сам народ. Здаецца, што чысты і высокі голас пытаецца, заглядваючы ў патаемнае:

   Купалінка, Купалінка, цёмная ночка,
   Цёмная ночка, а дзе ж твая дочка?


   Гэта песня як знаёмая незнаёмка. Незнаёмка, бо кожны раз гучыць па-новаму, выяўляючы талент і душу спевака. Знаёмая, бо яна ўвабрала голас роднай зямлі: чысты голас ручайка, вечны голас шумнага бору, светлы голас лугоў і палёў. Гучыць, разносіцца песня, чаруе сваіх слухачоў марай аб нечым светлым, радасным і сумным адначасова. Гучыць песня, разам з ёю святлеюць душы і сэрцы ўсіх, хто дакранаецца да яе зместу і музыкі.
   Калі ў кампаніі вас папросяць заспяваць па-беларуску, спявайце «Купалінку». Абавязкова знойдзецца хоць адзін чалавек, які ведае гэту песню і падтрымае вас. I вашы галасы сальюцца ў чыстай і светлай мелодыі.
(455 слоў)

Паводле Я. Мілашэўскага.