Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Жыжаль

Кнопка отправить на печать

   Жыжаль – гэта даўні бог агню, якога шанавалі нашы продкі. Акрамя таго, Жыжаль быў богам кавальскай справы.
   З даўняга-даўняга часу ад пакалення да пакалення перадаюцца легенды пра «цёплага» бога Жыжаля. Жыве ён у самых глыбінях зямлі, куды ніводнае чалавечае вока не зазірала. Калі ціхенька ходзіць па сваім падземным царстве, тады проста сагравае зямлю. А калі пачне спяшацца ды бегаць, выбухаюць сапраўдныя пажары, ажно на паверхню вырываецца полымя. Гараць тады лясы і нівы, загараюцца нават тарфяныя балоты, дзе чэрці з нячысцікамі ад людзей пахаваліся. Гэткім чынам бог агню Жыжаль дапамагае Перуну справіцца са злымі памочнікамі Чарнабога.
   Бывае Жыжаль і ўпартым, і злосным. Калі ўнадзіцца ды разахвоціцца, шмат шкоды наробіць людзям пажарамі ды засухай на палях. А як нагуляецца ўволю, калі надакучыць па свеце лётаць, супакоіцца, падабрэе, зноў у зямныя глыбіні апусціцца, каб знутры зямлю саграваць. На паверхні ж сёе-тое на памяць пра сябе пакіне. Таму і кажуць людзі, што Жыжаль пасяліўся ў кожнай хаце, спіць сабе да пары да часу ў печы, хаваецца ў грубцы, туліцца на прыпечку.
   Не адно стагоддзе жывуць людзі ў згодзе з агнём. Каб не Жыжаль, то бог холаду Зюзя памарозіў бы не толькі малых дзетак, а і дарослых людзей, хатнюю жывёлу звёў бы са свету, выстудзіў жыллё. Але Жыжаль не дазваляе Зюзю разгуляцца, бо з кім жа тады застанецца бог цяпла? Так дагэтуль і дужаюцца Жыжаль з Зюзяй. Ніхто нікому не паддаецца, ніхто канчатковую перамогу не святкуе. Толькі на вясну ды лета выпраўляецца Зюзя ў свае халодныя краіны, каб сілы там набрацца, а марознай зімой разам з мяцеліцамі ды завірухамі на запрэжанай ваўкамі брычцы вярнуцца назад.
   А вось Жыжалю ніколі няма адпачынку: днём і ноччу шчыруе ахоўнік цяпла і жыцця, не спіць ні зімой, ні летам, ні на хвіліну не зводзіць вачэй. Ведае, што калі засне, то Зюзя адолее яго, і запануюць на свеце тады холад і смерць. Без цяпла, вядомая рэч, нішто жыць не можа. А дзе цяпло, там радасць, там згода, там жывое жыццё віруе. Таму людзі навучыліся шанаваць і падтрымліваць Жыжаля, паважаць яго старасць, моц і магутнасць. Шмат песень, казак, легенд, прыказак, замоў, выслоўяў, загадак складзена пра агонь, пра Жыжаля. Лічылася, што агонь валодае незвычайнай ачышчальнай сілай. Таму ноччу на Купалле палілі вогнішчы, скакалі праз агонь, а пасля шукалі чароўную папараць-кветку, агеньчык якой павінен прынесці шчасце.
   Людзі заўсёды ведалі аберагальную сілу агню. Мо таму ад магчымага пажару засцерагалі сябе таксама агнём. Каб падчас навальніцы гром з маланкай не нарабілі шкоды, у хаце запальвалі грамнічную свечку. Лічылася, што найбольш карысны жывы агонь, здабыты трэннем дрэва аб дрэва. Такі агонь лечыць хворых, яшчэ дужэйшымі робіць здаровых, праганяе з хаты нячыстую сілу, надзейна разганяе цемру і холад. Нельга было кідаць у агонь нічога дрэннага, нячыстага, бо гэта знявага бога агню.
   Ласкавы агонь заўсёды дадаваў чалавеку радасці, добрага настрою, святочнасці. Нездарма вабяць да сябе купальскае вогнішча, турысцкі касцёр, пастухова цяпельца, прыветны агеньчык у начным акне. А людская радасць, выкліканая агнём, дагэтуль жыве ў каляровых ілюмінацыях, квяцістых феерверках, маляўнічых салютах.
(482 словы)

Паводле А. Бутэвіча.