Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by ці на сайце oz.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Дом Ваньковічаў

Кнопка отправить на печать

   Калі прайсціся па плошчы Свабоды і звярнуць на ціхую вуліцу Інтэрнацыянальную, то можна ўбачыць невялікі старасвецкі будынак з мансардай – сядзібны дом Ваньковічаў, славутага роду мінскіх арыстакратаў. Збудавалі гэтую сядзібу ў прыгожым месцы над поплавам Свіслачы ў канцы васямнаццатага стагоддзя. Быў пры доме сад, у якім раслі нават грэцкія арэхі, у двары – флігелі, гаспадарчыя пабудовы, уязная брама. Але археолагі знайшлі пад будынкам каменныя падзямеллі яшчэ сямнаццатага стагоддзя і нават мармуровую статую, якая зараз экспануецца ў музеі.
   Лёс гаспадароў сядзібы быў бурлівы. Меліся ў гэтым родзе і воіны, як Уладзіслаў Ваньковіч, герой вайны 1812 года, і сябры тайных арганізацый, што змагаліся супраць царскай улады. Але самы вядомы з роду – гэта мастак Валенцій Ваньковіч. Яго творы знаходзяцца ў лепшых музеях Францыі, Англіі, Польшчы, Літвы, Расіі. I ніводнага – на радзіме.
   Валенцій Ваньковіч нарадзіўся ў 1800 годзе ў Ігуменскім павеце ў сям’і павятовага суддзі. Вучыўся ў Віленскім універсітэце, дзе сустрэў шмат адукаваных, адораных людзей, шчырых патрыётаў, якія хацелі волі для свайго народа, цікавіліся народнай творчасцю. Валенцій падзяляў іх ідэалы. Асабліва пасябраваў ён з вялікім паэтам Адамам Міцкевічам. Ва ўніверсітэце ўтварыліся таемныя арганізацыі студэнтаў: філаматы – тыя, што імкнуцца да ведаў, і філарэты – тыя, што любяць дабрадзейнасць. Але веды і дабрадзейнасць шанаваліся менш, чым паслухмянасць. У выніку арганізацыі былі выкрыты, а іх кіраўнікі арыштаваны і сасланы. Ваньковічу пашанцавала: сябры адмаўлялі яго ўдзел у забароненых гуртках. I замест высылкі Валенцій трапляе ў Пецярбургскую акадэмію мастацтваў. З’явіліся ў яго сябры і там. Пазнаёміўся Ваньковіч і з Аляксандрам Сяргеевічам Пушкіным. Партрэты Адама Міцкевіча і Аляксандра Пушкіна – самыя вядомыя партрэты Валенція Ваньковіча.
   Калі Ваньковіч вярнуўся на радзіму, у доме над Свіслаччу ўтварыўся сапраўдны клуб інтэлігенцыі. Вечарамі збіраліся там кампазітар Станіслаў Манюшка, паэт Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч ды іншыя цікавыя асобы. Прыязджалі знакамітыя госці з Расіі і Польшчы. I гаспадар маляваў іх партрэты.
   Памёр Валенцій Ваньковіч у Парыжы ад сухотаў яшчэ не ў сталым узросце, поўны творчых задум. Адам Міцкевіч, які да канца знаходзіўся побач з сябрам, сведчыў, што «ў апошнія хвіліны перад смерцю ён з’явіўся, стогнучы, з вуглем у руцэ, крамзануў па сцяне...». Пахаваны мастак у Парыжы.
   Выхаваныя ў любові да роднага краю, сыны Валенція Ваньковіча сталі ўдзельнікамі паўстання 1863 года. Асабліва вылучыўся малодшы сын Ян Эдвард – ляснічы, выдатны коннік. Ён узначаліў Брэсцкую і Кобрынскую дружыны. Дзёрзкі быў воін, часта нападалі яго жаўнеры на сядзібы памешчыкаў. Менавіта тады, калі пасля задушэння паўстання маёмасць Яна Эдварда канфіскавалі, і знік знакаміты партрэт Пушкіна, намаляваны Валенціем Ваньковічам.
   Цяпер у гарадской сядзібе Ваньковічаў знаходзіцца філіял Нацыянальнага мастацкага музея. У выніку рэканструкцыі драўляны будынак быў разабраны да падмурка, хаця канструкцыі дома былі трывалымі.
   Сёння ў музеі адноўлена традыцыя свецкіх вечарын. Як і калісьці, тут можна паслухаць рамансы і сюіты, паглядзець на старажытныя танцы. Можна пры выпадку наведаць канцэрты, якія тут ладзяцца, і ўявіць сябе ў пазамінулым стагоддзі, калі ў гэтым доме ўмелі цаніць прыгожае і аддаваць сваё жыццё за волю.
(464 словы)

Паводле Л. Рублеўскай.