Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by ці на сайце oz.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Галінка каліны ў лётным планшэце

Кнопка отправить на печать

   20 мая 1942 года на вуліцах Люберцаў пышна цвіў бэз. На ўскраіне гулі маторы знішчальнікаў «Як-1». Новую тэхніку асвойвалі лётчыкі з папаўнення. Сярод інструктараў, якія мелі баявы вопыт, быў і лейтэнант-ардэнаносец Мікалай Карначонак. Камісія прыняла гатоўнасць палка і накіравала яго на франтавы аэрадром, што знаходзіўся на поўначы ад Варонежа.
   Лятаючы з Карначонкам на баявыя заданні, яго таварыш Васіль Савельеў пераканаўся, што смеласць і майстэрства, якія праяўляў Мікалай, заўсёды былі асэнсаваныя, вывераныя да дробязей. У баі ён паспяваў хутка ацаніць сітуацыю, прыняць правільнае рашэнне. Часта любіў паўтараць нявопытным лётчыкам: «Важна, хлопцы, ашаламіць ворага, не даць яму апамятацца, а затым ударыць беспамылкова! Няма ні хвіліны на ваганні. Паветраны бой вырашаюць секунды».
   Як звычайна, перад заходам сонца ля аэрадрома з-за хмар выскокваў нямецкі «фокер» і кружыў, выманьваў смельчакоў на бой. А аднойчы спікіраваў і ўдарыў з гарматы па стаянцы самалётаў «Як-1». Бяды не нарабіў, бо на адкрытых месцах стаялі макеты знішчальнікаў, а баявыя машыны былі замаскіраваны і стаялі збоку. Але тут жа ў дынаміку пачуўся голас камандзіра:
   – Карначонак! На ўзлёт! Дагнаць і знішчыць!
   Камандзір звяна кінуўся да самалёта. Хутка выявіў ворага і пачаў даганяць яго. Той аказаўся не з палахлівых, развярнуўся і пайшоў на збліжэнне.
   Двойчы сыходзіліся ў лабавую знішчальнік «Як-1» і «фокер», але вораг не вытрымліваў і ўхіляўся ад прамога сутыкнення. Ён насіўся па небе то ўверх, то ўніз і ўвесь час намагаўся ўдарыць у хвост. Калі ж чарговы раз паспрабаваў паўтарыць свой манеўр, вогненная траса Карначонка прашыла варожы самалёт. Лётчыкі, механікі, шафёры, якія назіралі за боем, абдымаліся і радаваліся за свайго таварыша, акружылі знішчальнік і памаглі выбрацца Мікалаю. Збіваючыся ад хвалявання, ён паспешна гаварыў Савельеву: «Разумееш, Васіль, фашыст спадзяваўся заманіць мяне ў пастку, думаў, нервы не вытрымаюць... Ды не выйшла! Ён жа за свайго фюрэра змагаўся, а я – за Радзіму! Ёсць жа розніца!»
   Апошні бой Карначонак прыняў за семдзесят кіламетраў ад Сталінграда. Адразу тры «фокеры» напалі на чырваназорны знішчальнік. Карначонак, убачыўшы гібель таварыша, пагнаўся за «фокерам», што кінуўся наўцёкі, па-майстэрску збіў яго і стаў адварочваць свой самалёт ад сцярвятнікаў, але не паспеў... Знішчальнік не гарэў, а проста падаў. Лётчык быў паранены, стараўся падбітую машыну пасадзіць на «жывот» у полі. Самалёт то выраўноўваўся, то торкаўся носам, пакуль не ўдарыўся ў схіл яра. Не ўзарваўся, бо ў баках ужо не было паліва... Гэта быў апошні, трыста сорак дзявяты баявы вылет Мікалая Карначонка. Яму ішоў толькі дваццаты год.
   Салдаты выцягнулі з груды металу планшэт. Сям-там ён патрэскаўся, аднак усё, што было ў ім, аказалася цэлым: карты, распісаныя чырвонымі лініямі, фотаздымак жанчыны і сухая галінка каліны. На адваротным баку здымка ад рукі было напісана: «Карначонак Аксеня Савельеўна – мама». Лётчыка пахавалі тут жа, ля самалёта.
   Аксеня Савельеўна Карначонак так і не даведалася пра гібель сына і пасмяротнае прысваенне яму звання Героя Савецкага Саюза. Улетку 1943 года яе загубілі фашысцкія карнікі.
(459 слоў)

Паводле М. Назаранкі.