Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by ці на сайце oz.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Белы каменьчык

Кнопка отправить на печать

   Сонца краналася зямлі. Велізарнае, чырвонае, яно, здавалася, плавілася ў гарачым паветры і адыходзіла за гарызонт, стомлена паглядаючы на сваю дзённую працу. Спякота не спадала. У такія дні адзіны ратунак – возера. Да яго імкнуліся ўсе жыхары гарадка. Наваколле напаўнялася смехам, крыкамі, музыкай, дзіцячым віскам, вокрыкамі бацькоў.
   Я ішоў уздоўж берага, паступова аддаляючыся ад шуму. Дзівосныя скалы змяняліся адшліфаванымі камянямі. Яны ляжалі ўздоўж берага, быццам вялікія скульптуры ў майстэрні мастака. Вада і сонца – прылады нябачнага мастака-скульптара, якімі ён многія гады працаваў у майстэрні прыроды і стварыў гэта незвычайнае хараство.
   Водная роўнядзь адлюстроўвала ўсе фарбы вячэрняга неба. Вось прабегла сітаўка, рэзка спынілася, нахіліла галоўку і зірнула на мяне. Памяць перанесла мяне за тысячу кіламетраў, у родную Беларусь, у маю маладосць.
   У адной з вайсковых часцей мы выконвалі адказнае заданне. Нам прыходзілася працаваць днём і ноччу. Зразумеўшы, як мы стаміліся, камандзір рашыў даць нам дзень адпачынку. Але не просты, а з выездам на возера Нарач.
   З надвор’ем нам не пашанцавала: дзень быў не па-летняму халодны, цёмныя хмары праносіліся над возерам. Пакуль разгружалі машыну і ставілі палаткі, я пайшоў да паўразбуранай лазні. Туды вяла ледзь прыкметная сцяжынка.
   З вады выступалі камяні. На адным сядзела невялічкая птушка з вяртлявай галоўкай. Гэта была сітаўка. Яна ўвесь час рухалася. Набягала хваля – птушка ўзлятала і завісала над каменем, схаваным пад вадой. Хваля ляніва адступала – сітаўка зноў садзілася на камень. Перад набегам новай хвалі яна ўзлятала, цешачыся сваёй спрытнасцю і смеласцю. Іншы раз сітаўка дзёрзка гуляла з хваляю: не ўзлятала пасля дотыку хвалі да каменя, а на сваіх высокіх ножках перабягала на другі край, маючы ў запасе нейкае імгненне, потым успырхвала. Відовішча было захапляльным. Здавалася, птушка адчувала мой настрой і старалася яшчэ больш. Гэтае спаборніцтва з хваляй было быццам асэнсаванае.
   Памятаю, у дзяцінстве мы, хлапчукі, таксама гулялі з хваляй. Калі яна адступала, спрабавалі як мага далей забегчы і своечасова рвануць назад, каб застацца сухімі.
   Раптам хваля глыбока «ўдыхнула» і «выдыхнула». Удар аб камень быў мацнейшы. Сітаўка ўзляцела, аднак пырскі дасталі яе. Яна села, захвалявалася. Я ўсміхнуўся. Сітаўка паглядзела ў мой бок, вочы яе свяціліся хітрынкай.
   За спінай хтосьці ціха засмяяўся. Я павярнуўся і ўбачыў Якуба Коласа і Міхася Лынькова. Лынькова я сустракаў і раней, ён прыходзіў да нас у школу. Мы тады слухалі аўтара «Міколкі-паравоза», затаіўшы дыханне. Якуба Коласа я бачыў упершыню. Да гэтага ведаў яго толькі па фотаздымках.
   Сітаўка пераляцела на большы камень, і хваля цяпер не даставала яе. Птушка паглядзела ў наш бок і паляцела. Якуб Колас прысеў на лодку і сказаў:
   – Вось у каго трэба вучыцца дабрыні. Не саромейцеся, таварыш лейтэнант. Гэта вельмі добра, калі чалавек заўважае і адчувае прыгажосць. А ты, Міхась, казаў, што дрэннае надвор’е, дрэнны дзень. Не, дзень добры, а зрабіла яго добрым вось гэтая маленькая сітаўка.
   Ён нахіліўся, зачарпнуў з дна рукою каменьчык. Вада сцякла, і на далоні засталося некалькі розных па афарбоўцы маленькіх каменьчыкаў. Адзін з іх быў беленькі. Абмыты вадой, ён здаваўся жамчужынкай. Якуб Колас павярнуўся да мяне:
   – Старажытныя рымляне белым каменьчыкам адзначалі шчаслівыя дні. Трымайце, малады чалавек, на шчасце вось гэты белы каменьчык. Сёння быў добры дзень.
   З таго часу мінула шмат гадоў. А гэты маленькі белы каменьчык ляжыць у мяне за шклом у кніжнай шафе каля цудоўных кніжак Якуба Коласа «Новая зямля» і «Сымон-музыка». I калі я бяру яго ў рукі, мне здаецца, што я зноў чую голас песняра, ціхі і добразычлівы. I ў такія хвіліны я сапраўды адчуваю сябе шчаслівым.
(554 словы)

Паводле Э. Луканскага.