Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by ці на сайце oz.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт

Кнопка отправить на печать

   Год нараджэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта – 1921. Аднак яго гісторыя пачалася раней. Напачатку была прынята дзяржаўная пастанова аб адкрыцці ў Мінску ўніверсітэта. Але грамадзянская вайна ўнесла папраўкі ў гэтыя планы. У 1921 годзе ўпершыню быў аб’яўлены прыём на рабочы факультэт. Летам на ўрачыстым сходзе ў гарадскім тэатры абнародавалі дэкрэт аб адкрыцці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
   У год адкрыцця ва ўніверсітэце было ўсяго тры факультэты – рабочы, медыцынскі і факультэт грамадскіх навук. Пазней адкрыўся педагагічны факультэт. Першым рэктарам універсітэта быў прызначаны Пічэта Уладзімір Іванавіч, знакаміты гісторык, прафесар. Ён узначальваў БДУ на працягу васьмі гадоў. Уладзімір Іванавіч шмат зрабіў для развіцця вышэйшай школы ў Беларусі. Яму было прысвоена званне заслужанага прафесара. У першыя гады сваёй дзейнасці БДУ меў цяжкасці ў сувязі з адсутнасцю педагагічных кадраў. Першапачаткова на ўсіх факультэтах працавалі семдзесят тры выкладчыкі.
   У 1925 годзе адбыўся першы выпуск спецыялістаў – эканамістаў і юрыстаў. Восенню гэтага ж года ў цэнтры Мінска пачалося будаўніцтва ўніверсітэцкага гарадка. У будаўніцтве прымалі актыўны ўдзел студэнты. Яны ўдзельнічалі ў масавых суботніках. Былі ўзведзены чатыры вучэбныя корпусы. Значна вырасла колькасць выкладчыкаў – больш за чатырыста супрацоўнікаў.
   Пры актыўным удзеле БДУ ў беларускай сталіцы ствараліся новыя вышэйшыя навучальныя ўстановы: медыцынскі, юрыдычны інстытуты, Інстытут народнай гаспадаркі. Ва ўніверсітэце павялічылася колькасць факультэтаў, якія рыхтавалі выкладчыкаў для рабфакаў, тэхнікумаў, сярэдніх школ. Тэрмін навучання студэнтаў павялічыўся да пяці год.
   У трыццатых гадах XX стагоддзя з’явіліся новыя факультэты – гістарычны, геаграфічны, філалагічны і літаратурны. Значнай падзеяй у жыцці БДУ стала стварэнне заалагічнага і гісторыка-археалагічнага музеяў.
   У чэрвені 1941 года БДУ рыхтаваўся адзначыць сваё дваццацігоддзе. Аднак вераломнае нападзенне гітлераўскіх захопнікаў парушыла ўсе планы. Сярод першых аб’ектаў, якія падвергліся бамбардзіроўцы ў Мінску, быў універсітэцкі гарадок. У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны чатырыста пяцьдзясят дабравольцаў з выкладчыкаў і студэнтаў пайшлі на фронт. За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў барацьбе з фашыстамі, дванаццаць супрацоўнікаў і студэнтаў БДУ атрымалі высокае званне Героя Савецкага Саюза.
   Універсітэт перажываў вялікія страты. Аднак славутая ўстанова змагла ўзнавіць працу. У 1943 годзе была арганізавана дзейнасць БДУ пад Масквой на станцыі Сходня. Летам 1944 года Беларусь была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Студэнты і выкладчыкі ўніверсітэта вяртаюцца з Падмаскоўя ў родны Мінск. Начальнікам эшалона, у якім ехаў калектыў БДУ, прызначаюць франтавіка, лейтэнанта Івана Мележа, будучага вядомага пісьменніка. У пасляваенныя гады ва ўніверсітэце вялася падрыхтоўка геолагаў, філосафаў, юрыстаў. З часам з’яўляюцца новыя спецыяльнасці і факультэты.
   На сённяшні дзень БДУ з поўным правам лічыцца заснавальнікам вышэйшай адукацыі на тэрыторыі Беларусі. Універсітэт падрыхтаваў больш за сто пяцьдзясят тысяч спецыялістаў. Сярод выпускнікоў універсітэта мноства людзей, якімі ганарыцца наша краіна: пісьменнікі Кузьма Чорны, Кандрат Крапіва, Іван Мележ, Іван Навуменка, знакамітыя фізікі, філосафы, матэматыкі. За выдатныя дасягненні ў навуцы і тэхніцы больш за пяцьдзясят супрацоўнікаў універсітэта ў розныя гады былі ўзнагароджаны дзяржаўнымі прэміямі.
   Сёння БДУ – буйны адукацыйны, навуковы і культурны цэнтр, які вызначае новае аблічча суверэннай дзяржавы. Ва ўніверсітэце вядзецца падрыхтоўка кадравай эліты Рэспублікі Беларусь. За апошнія гады пачалася падрыхтоўка спецыялістаў для ядзернай энергетыкі, інфарматыкі, лагістыкі.
   Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт – вялікая і дружная сям’я, дзе створаны ўсе ўмовы для прафесійнага росту навуковых і педагагічных работнікаў, для максімальнага развіцця здольнасцей студэнтаў. Сённяшнія студэнты БДУ – гэта новае пакаленне моцнай і працавітай Беларусі. Яны ганарацца сваёй alma mater і ўпэўнена глядзяць у заўтрашні дзень.
(518 слоў)

Паводле С. Абламейкі.